Пастаўчане ў чарговы раз заявілі пра сябе на абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца».
Сёлета мерапрыемства, якое ладзіцца раз на два гады, прайшло 21 кастрычніка ў Дуброўне. Там на базе раённага цэнтра народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці сабраліся больш за 20 фальклорных калектываў з усёй Віцебшчыны, прыехалі і госці з Гродзеншчыны і горада Гомеля.
Творчае спаборніцтва адбывалася па трох намінацыях: «Вясельныя прыпеўкі», «Вясельны каравай» і «Вясёленькі наш паяздок» (удзельнікі свята-конкурсу на сцэне паказвалі самыя яркія абрады, характэрныя для таго ці іншага раёна). Было для ўсіх і хатняе заданне — зняць відэаролік пра мясцовыя традыцыі святкавання вяселля, размясціць яго ў інтэрнэце і адправіць на прагляд журы.
— Спецыяльна для «Вялікай вясельніцы» мы распрацавалі тэму выкупу нявесты на Пастаўшчыне, — расказвала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська. — Напярэдадні нашы маладыя супрацоўніцы здзейснілі фальклорную экспедыцыю на Камайшчыну і пагутарылі з пажылымі ўраджэнкамі Муляр, Баяр і Мягун. Распытвалі, як яны ў маладосці гулялі вяселлі, што памятаюць канкрэтна пра выкуп. Ён, як аказалася, у нашым раёне быў не вельмі распаўсюджаны, пра што мы даведаліся і з разнастайных крыніц. Але тым большую каштоўнасць мае інфармацыя, якую ўдалося знайсці.
На падставе яе быў напісаны сцэнарый. Міні-кіно па ім здымалі на базе спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі». У сюжэце — выкуп жаніхом месца каля маладой, катанне ім кола ад цялегі (каб дарога ў касцёл была роўная і гладкая), раскладанне на кожнай спіцы грошай (жаніх такім чынам «рамантаваў» кола).
Каларыту відэаздымкам дадаў удзел у іх народнага аўтэнтычнага калектыву з Андрон, прадстаўніц народнага жаночага клуба «Юнчанка». Журы высока ацаніла работу пастаўчан, іх акцёрскія здольнасці, якія былі прадэманстраваны і на сцэне ў Дуброўне. Як вынік — 2-е месца ў намінацыі «Вясёленькі наш паяздок». Такое ж месца пастаўчане занялі і ў конкурсе вясельных караваяў.
— На Пастаўшчыне амаль няма традыцый, з імі звязаных. Яны характэрныя пераважна для ўсходніх рэгіёнаў Віцебшчыны, — працягвала Ксенія Грэська. — Затое наша мясцовасць славіцца непаўторнай пякарскай скульптурай. Таму мы, заплюшчыўшы вочы на ўмоўнасці намінацыі, павезлі з сабой у Доброўна асарці з нашых вясельных прысмакаў. Ведалі б вы, колькі ўвагі было да іх! Нас літаральна засыпалі пытаннямі пра салодкія грыбочкі, салодкія кветкі ў кошыку, нашых традыцыйных вясельных бараноў, буслоў, вожыка… Тое, што для нас прывычна і паўсядзённа, для іншых аказалася вялікім адкрыццём. Таму, напэўна, і месца такое высокае, бо змаглі здзівіць усіх вясельнай выпечкай.
І не толькі ёй. Змястоўным, насычаным адметнымі фактамі быў даклад Ксеніі Вячаславаўны на канферэнцыі па праблемах захавання традыцыйнага вясельнага фальклору, дзе яна расказала пра вясельныя традыцыі Пастаўшчыны.
І канферэнцыя, і само свята-конкурс адбыліся ў рамках ІІ Адкрытага абласнога фальклорнага форуму. Уражанняў з яго, як і новых ведаў, супрацоўнікі ЦкіНТ прывезлі нямала. Асаблівай паездка была яшчэ і таму, што ў «жывым» фармаце яна праводзілася ўпершыню за 4 гады. У 2021-м найлепшых у «Вялікай вясельніцы» выбіралі анлайн на падставе дасланых відэаматэрыялаў.
На гэтым спаборніцкая восень для культработнікаў Пастаўшчыны не завершана. Нядаўна яны адправілі заяўкі на ўдзел у абласным конкурсе сцэнарыяў дзіцячых анімацыйных і навагодніх праграм. Чакаем добрых навін і адтуль!
Іна Стаднік
Фота даслана ЦКіНТ