Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Штогод у органы ўнутраных спраў рэспублікі паступае вялікая колькасць зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Так, толькі ў віцебскую міліцыю за 9 месяцаў бягучага года звярнуліся 12 073 чалавекі, 910 з якіх выкарысталі для гэтага электронную пошту. Аднак цяпер пры накіраванні зваротаў на e-mail яны будуць пакінутыя без разгляду. Чаму? На пытанне адказвае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Нагановіч:
— 2 студзеня 2023 года набылі моц змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», якімі прадугледжана падача электронных зваротаў толькі з выкарыстаннем дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. З гэтай мэтай створаны асобны сайт http://обращения.бел/, прайшоўшы рэгістрацыю на якім, грамадзянін можа падаць электронны зварот у любы дзяржаўны орган. Да названай сістэмы падключаны і ўсе абласныя ўпраўленні і тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў рэспублікі.
Трэба адзначыць, што для аператыўнага разгляду электронных зваротаў іх неабходна першапачаткова накіроўваць у тыя аддзелы ўнутраных спраў, на тэрыторыі якіх узніклі пытанні, выкладзеныя ў зваротах. Пры гэтым па жаданні заяўніка адказ на электронны зварот, як і раней, можа быць адпраўлены ў пісьмовым выглядзе.
Падрыхтавала Алена Шапавалава