Мікалай Яльчык — былы ваеннаслужачы. Звольніўшыся ў запас у званні падпалкоўніка, 6 гадоў і 7 месяцаў працаваў старшынёй Курапольскага сельскага Савета. А зараз у зусім іншай ролі — дбайнага вясковага гаспадара. Зрэшты, рупліўцам на зямлі быў і раней, не зважаючы на пасады.
— Сялянскія клопаты мне добра вядомыя і прывычныя, — расказваў Мікалай Мікалаевіч. — Вырас у вёсцы на Магілёўшчыне. Нас, дзяцей, у сям’і было пяцёра, я найменшы. Да працы ўсе прывучаныя змалку.
Аднак бацькам хацелася, каб дзеці пайшлі не па сялянскім шляху, а па лягчэйшым. Коля скончыў Мінскі тэхнікум сувязі, а пасля тэрміновай службы — Кіеўскае ваеннае вучылішча. Але прысягу на вернасць Украіне не прымаў — папрасіўся на службу ў Беларусь. Трапіў у наш горад. Гэта асабліва радавала, бо родам з Пастаўшчыны была яго жонка Зоя. Вёска Целякі, дзе жылі Зоіны бацькі, стала роднай і для яго.
Даўно адышоў у іншы свет цесць, мінулым летам не стала і цешчы. Але іх дом і сядзіба жывуць! Тут у асноўным гаспадарыць Мікалай, бо Зоя яшчэ працуе ў райцэнтры.
— Я чалавек не публічны, а фізічны, — заяўляе Мікалай Мікалаевіч. — У 6 гадзін раніцы ўстаю — і за работу. Раней у вёсках як было? Гаспадары не сядуць снедаць, пакуль не накормяць усю скаціну. Вось так і я. А жыўнасці нямала: кабыла, двое свіней, статак гусей, яшчэ адзін — курэй, сабака, трое дарослых катоў і кацяня. І ўсе хочуць есці! Сам саджуся снедаць толькі а палове дзявятай.
Неаднойчы даводзілася чуць ад вяскоўцаў, як цяжка працаваць на зямлі, даглядаць жывёлу. І гэта сапраўды так. Аднак Мікалай Яльчык расказваў пра свае сялянскія клопаты з азартам:
— Каб падтрымліваць фізічную форму, хтосьці займаецца ў трэнажорнай зале, а я бяру ў рукі касу, вілы, граблі, сякеру, станаўлюся за плуг. Летам — у грыбы і ягады. Да лесу 40 хвілін хадзьбы, назад — з поўнымі вёдрамі. А яшчэ — паляванне, лоўля рыбы. У мяне ўсе групы мышцаў задзейнічаныя. Такім чынам, праца ў тонусе трымае.
Некалькі гадоў таму Мікалай Мікалаевіч актыўна ўдзельнічаў у спаборніцтвах па касьбе не толькі ў нашым раёне, але і на Брэстчыне, у Польшчы. Займаў прызавыя месцы, прывозіў узнагароды.
— Да спаборніцтваў рыхтаваўся сур’ёзна, — успамінае. —Захоўваў рэжым сну, правільна харчаваўся, не ўжываў ні грама алкаголю. Касіў не толькі з раніцы, па расе, але і ў самую спёку, бо ведаў, што спаборніцтвы будуць доўжыцца па 5 гадзін.
Хапае яму касьбы і ў Целяках. У карыстанні — больш за гектар зямлі, з іх на 50 сотках сеяныя травы, каб не было праблем з кормам для кабылы. У агародзе таксама работы хоць адбаўляй. Прычым Мікалай большую яе частку бярэ на сябе, каб не абцяжарваць жонку.
— Сёння стаіць добрае надвор’е, — гаварыў падчас нашай сустрэчы, якая адбылася месяц назад. — Таму трэба выкапаць і прасушыць кармавыя буракі. А яшчэ лешку зімовага часнаку і столькі ж цыбулі пасадзіць да Пакрова (даўжыня тых лешак — метраў 30! — аўт.). Гэтай восенню пасадзілі некалькі кустоў буякоў, ля дома падрыхтаваў месца для лаванды.
— У вас яшчэ і пасека, — звяртаю ўвагу на пчаліныя домікі ў садзе.
— Тут толькі частка, — тлумачыць гаспадар. — Пасеку з 15 вулляў трымаю за 5 кіламетраў адсюль. Пчолы таксама патрабуюць догляду, таму расслабляцца не прыходзіцца.
(Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, я з вялікім шкадаваннем даведалася ад Мікалая Яльчыка, што на пасеку наведаўся мядзведзь, разбурыў вуллі і знішчыў ажно 10 пчоласем’яў.)
— Навошта ты рвеш жылы? — часам ушчувае яго жонка. — Нам не трэба столькі садавіны, агародніны, грыбоў ды ягад.
Ён разумее гэта, але інакш не можа:
— Мне ж трэба трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. А без працы хіба гэта магчыма? Ды і як дапусціць, каб зямля пуставала? Яна павінна быць апрацаванай і дагледжанай.
Мне Мікалай Мікалаевіч з задавальненнем паказваў калёсы, сані, вазкі, плугі, бароны, мноства ручнога садова-агароднага інвентару. Для ўласнай аддушыны і прыёму гасцей — мангал, на якім ён любіць гатаваць шашлык, запякаць рыбу. Зімой можа запрэгчы кабылу і пракаціцца на санках з шумёлкамі. Летам у Яльчыкаў у Целяках гасцявала кітаянка, якая жыве ў Берліне і сябруе з іх сынам. Дзяўчыну вельмі ўразіў вясковы побыт. «У вас жа тут усё натуральнае! — захаплялася яна. — Вы жывяце ў еднасці з прыродай».
— А я захапляюся людзьмі, якія не адрываюцца ад зямлі, — гаварыў мне Мікалай Мікалаевіч. — Напрыклад, наш аднавясковец Браніслаў Урбель у 87 гадоў не толькі працуе ў агародзе, але і трымае некалькі коз. Хачу дажыць да такога ўзросту і мець сілы на фізічную працу.
Застаецца дадаць, што Мікалай Яльчык не абмяжоўваецца сядзібай і ўласнымі інтарэсамі. Ён з’яўляецца дэпутатам Курапольскага сельскага Савета, унікае ў праблемы вяскоўцаў, стараецца дапамагчы ў іх вырашэнні, падтрымлівае цесную сувязь з сельвыканкамам і райсаветам дэпутатаў. Адным словам, чалавек дзейсны і нераўнадушны да ўсяго.
Фаіна Касаткіна
Фота Людмілы Зелянкевіч