Дзмітрый Счасны — выпускнік лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Любоў да лесу і прафесіі яму прывілі бацькі, якія ў свой час працавалі ў Пастаўскім лясгасе. Гэта арганізацыя стала і першым месцам работы іх сына.
Менш чым месяц таму Дзмітрый змяніў цывільную вопратку на ваенную форму. Курс маладога байца праходзіў у радыётэхнічных войсках у Баранавічах. 25 лістапада ва ўрачыстай абстаноўцы прыняў воінскую прысягу. Павіншаваць яго з гэтай важнай падзеяй адправіліся бацькі, малодшая сястра, стрыечны брат. Сюрпрызам для Дзмітрыя і яго родных стаў прыезд на прысягу намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандра Іванькова.
—Нам усім была прыемнай такая ўвага з боку кіраўніцтва лясгаса, — не стрымлівала станоўчых эмоцый мама салдата Вольга. — Аляксандр Мікалаевіч прывёз падарункі. Вельмі важна, калі ў адказны момант жыцця побач знаходзяцца блізкія людзі. Прыезд прадстаўніка калектыву падбадзёрыў сына.
—Дзмітрый — малады,перспектыўны спецыяліст, — гаварыў Аляксандр Іванькоў. — За кароткі тэрмін зарэкамендаваў сябе старанным і адказным. Як майстар лесу на замацаваным лесагаспадарчым участку правільна арганізоўваў усе віды работ, забяспечваў своечасовае іх выкананне. Хацелася б, каб Дзмітрый, адслужыўшы год, вярнуўся да нас працаваць.
Анна Анішкевіч