17 лістапада каманда Пастаўскага раёна прыняла ўдзел у матывацыйна-адукацыйным мерапрыемстве — мітапе маладых педагогаў «#Выше!», які прайшоў на базе СШ №47 Віцебска імя Я. Ф. Іваноўскага. Яго праводзіў абласны інстытут развіцця адукацыі.
Да ўдзелу ў мітапе былі запрошаны педагогі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі са стажам работы да 3 гадоў у колькасці 5-7 чалавек ад раёна, а таксама кіраўнікі каманд. Усяго сабраліся каманды з 21 раёна вобласці. У склад нашай увайшлі настаўнікі: пачатковых класаў СШ №3 Карына Куранова, матэматыкі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Юліяна Катовіч, замежнай мовы Пастаўскай гімназіі Наталля Колас, музыкі і мастацтва, а па сумяшчальніцтве педагог-арганізатар Камайскай СШ Рэната Зелянкевіч (яна з’яўлялася капітанам каманды) — і выхавальнік дзіцячага сада №1 Вікторыя Мацур. Суправаджала дзяўчат у абласны цэнтр метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Танана.
— У праграме былі візітныя карткі каманд па тэме «Я — педагог! І гэта…», — расказвала Алена Аляксандраўна. — Нашы ўдзельніцы прадставілі ўнікальны сродак для барацьбы са стрэсам і прафесійным выгараннем — гарачы флэшмоб. За кароткі час яны адрэпеціравалі дастаткова складаную харэаграфію і невялікае выступленне ў стылі КВЗ. Пераможцы конкурсаў «Настаўнік года» і «Педагагічны дэбют» падрыхтавалі для маладых педагогаў інтэрактыўныя трэнінгі, правялі майстар-класы, на якіх прадэманстравалі свой прафесійны вопыт, цікавыя і займальныя формы і метады работы. Пастаўчанкі былі актыўнымі, што адзначылі вядучыя майстар-класаў. Затым удзельнікі мітапа змагаліся ў прадметным SMART-квэсце: паказвалі сваю эрудыцыю і веды па розных напрамках. Каманды павінны былі дабегчы ад станцыі да станцыі за абмежаваны час. Хоць было няпроста, нашы зямлячкі паказалі добрыя веды.
Па выніках мерапрыемства каманда Пастаўскага раёна ўзнагароджана дыпломам І ступені за ўдзел у інтэлектуальным SMART-квэсце і падзякамі за візітку і актыўнасць на майстар-класах. Мітап пакінуў ва ўсіх удзельнікаў добрае ўражанне і пашырыў кола аднадумцаў дзякуючы арыгінальнаму фармату «без гальштукаў».
Алена Шапавалава
Фота даслала Алена Танана