Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Як не страціць веласіпед?
Нягледзячы на тое, што з кожным годам усё больш пастаўчан становяцца ўладальнікамі асабістых аўтамабіляў, па-ранейшаму не губляюць папулярнасці веласіпеды. І калі пераважная большаць гаспадароў машын прымае меры, каб пазбегнуць іх крадзяжу, то ўладальнікі веласіпедаў часта халатна адносяцца да іх захаванасці — пакідаюць без нагляду паблізу школ, магазінаў, у дварах дамоў у прыватным сектары і пад’ездах шматпавярховак, чым карыстаюцца зламыснікі. Так, за 10 месяцаў бягучага года ў РАУС паступіла 15 зваротаў ад грамадзян аб прапажы веласіпедаў. З іх па 12 фактах інфармацыя не пацвердзілася, па 3 узбуджаны крымінальныя справы, 2 з якіх раскрыты.
Як не страціць двухколавы транспартны сродак, калі неабходна яго дзесьці пакінуць? На гэта пытанне адказвае намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Яўгеній Малікаў:
— Заўсёды прышпіляйце веласіпед да агароджы, поручняў ці падобнай канструкцыі велазамком, нават калі адыходзіце літаральна на хвіліну. Забірайце з сабой усё хутказдымнае абсталяванне: велакамп’ютар, помпу, флягу і інш. Калі вы ездзіце на веласіпедзе на работу, пастарайцеся ставіць яго на тэрыторыі прадпрыемства, а яшчэ лепш — у якім-небудзь падсобным памяшканні. Многія лічаць, што з абсталяванага дамафонам ці кодавым замком пад’езда шматкватэрнага дома жалезны «конь» нікуды не знікне, і часта пакідаюць яго на лесвічнай пляцоўцы, каб не цягнуць у падвал ці кватэру. Але, як паказвае практыка, такія запорныя ўстройствы не з’яўляюцца перашкодай для зладзеяў.
Купіўшы веласіпед, захоўвайце дакументы на яго. Калі іх няма, перапішыце ці сфатаграфуйце серыйны нумар рамы, які звычайна выбіты ўнізе, на карэтачным вузле. Таксама пажадана зрабіць фатаграфію самога веласіпеда. Пастарайцеся запомніць яго асаблівыя прыкметы: няродныя дэталі, устаноўленыя аксесуары, наклейкі, драпіны і іншыя пашкоджанні. У выпадку крадзяжу ўсё гэта дапаможа ў пошуку і будзе доказам вашай уласнасці. Купляючы веласіпед з рук без дакументаў, памятайце пра тое, што рызыкуеце стаць гаспадаром украдзенага «каня».
Што да асоб, якія любяць узяць тое, што «дрэнна ляжыць», хачу нагадаць артыкул 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з ім крадзеж караецца не толькі штрафам або грамадскімі работамі, але і абмежаваннем ці нават пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў.
Падрыхтавала Алена Шапавалава