У пятніцу ў раённым Доме культуры прайшлі раённыя дажынкі, на якіх ушанавалі найлепшых аграрыяў Пастаўшчыны.
Дажынкі прымеркавалі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Гэта прафесійнае свята людзей, дзякуючы працы якіх у нас на стале ёсць хлеб, мяса, малако, гародніна. У фае ўстановы размясцілася выстава дажыначных снапоў і караваяў. Кожная гаспадарка праявіла фантазію і прывезла творча выкананыя вырабы. А на мерапрыемства сабраліся ўсе, хто шчыра любіць родную зямлю і сваёй сумленнай працай робіць яе прыгажэйшай і багацейшай.
Дзякуючы харэаграфічным кампазіцыям, што падрыхтавалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры, адкрыццё ўрачыстасці атрымалася кранальным. Галоўным яе атрыбутам стаў залацісты каравай, які з пашанай прыняў у свае рукі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.
— Героі дажынак — работнікі палёў, чыімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабыты ўраджай бягучага года, — гаварыў Сяргей Васільевіч, вітаючы прысутных. — Надвор’е сёлета выпрабоўвала засухай, якой, як сцвярджаюць сіноптыкі, не было на працягу апошніх 80 гадоў. І аграрыі годна гэта выпрабаванне вытрымалі. Толькі дзякуючы вашаму прафесіяналізму, руплівасці, зладжанай рабоце ўсіх звёнаў аграпрамысловага комплексу нашаму раёну ўдалося атрымаць самы важкі ў вобласці каравай — валавы збор зерня склаў 54,1 тысячы тон, рапсу — 5,7 тысячы. Хлебаробы Пастаўшчыны пацвердзілі рэпутацыю высокаразвітага аграрнага рэгіёна, а значыць, і права называцца гаспадарамі сваёй зямлі. Каб дабіцца такога годнага выніку, трэба было перагледзець структуры пасяўных плошчаў, правесці вялікую работу па забеспячэнні мінеральнымі ўдабрэннямі, сродкамі аховы раслін.
Уборачная на Пастаўшчыне прайшла арганізавана. У ёй было задзейнічана 66 камбайнаў. Усе калектывы спрацавалі зладжана, выканалі пастаўленыя перад імі задачы. У гэтым заслуга кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, камбайнераў, вадзіцеляў, звёнаў па дапрацоўцы збожжа.
Найбольш важкі ўклад у раённы каравай унеслі ААТ «Хацілы-агра», дзе сярэдняя ўраджайнасць перавысіла 70 цэнтнераў з гектара (найвышэйшы паказчык на Віцебшчыне), «Навасёлкі-Лучай» (45,8 ц/га). 25 камбайнераў падчас сёлетняга жніва намалацілі звыш 1 000 тон збожжа, больш чым па 1 000 тон яго перавезлі 18 вадзіцеляў.
З усіх крыніц фінансавання за 9 месяцаў на развіццё вёскі было выдзелена і асвоена 16,4 мільёна рублёў, у тым ліку з раённага бюджэту — 436 тысяч руб. За 10 месяцаў аграрыі атрымалі валавой прадукцыі на суму 120 мільёнаў руб., што складае 100,5% да адпаведнага перыяду мінулага года.
Поспехі ёсць не толькі ў раслінаводстве, але і ў жывёлагадоўлі. На фермах гаспадарак утрымліваецца 36,9 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. На нарыхтоўчыя прадпрыемствы адпраўлена 48,1 тысячы тон малака, або 113% да мінулагодняга паказчыка, 3,7 тысячы тон мяса.
Наш раён адзін з нямногіх у вобласці, дзе на 100% загружаны вытворчыя магутнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў. 70% ва ўдзельнай вазе прадукцыі складае прадукцыя малочнага завода. Цэхі Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства і ЗАТ «Мясакамбінат Пастаўскі» сыравінай забяспечваюць у асноўным сельгаспрадпрыемствы Пастаўшчыны. Лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці займае рыбгас «Навінкі», на долю якога прыходзіцца 70% ад агульнага ўлову рыбы.
Усё, чым можа ганарыцца Пастаўшчына, зроблена рукамі людзей. Сяргей Чэпік па традыцыі ўручыў пераходныя вымпелы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, а таксама Падзякі старшыні райвыканкама кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, прызнаным пераможцамі раённага спаборніцтва, Ганаровыя граматы і падзякі — камбайнерам, вадзіцелям, аператарам сушыльных комплексаў, якія занялі прызавыя месцы.
Свае поспехі аграрыі раёна падзяляюць з тымі, хто падставіў ім сваё плячо на сяўбе, уборцы ўраджаю. Гэта работнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада. За значную шэфскую дапамогу старшыня райвыканкама падзякаваў калектывам ДЭУ-33, лясгаса, УП ЖКГ, дзяржаўнага каледжа, ААТ «Паставымэбля», філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» і ўручыў іх кіраўнікам падзякі.
— На адным з пленарных пасяджэнняў, на якім разглядаліся пытанні развіцця жывёлагадоўлі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не патрабуе ад аграрыяў «космасу» ў сельскай гаспадарцы, — падкрэсліў Сяргей Чэпік. — Галоўнае — ухіліць праблемы, што ляжаць на паверхні. Па словах кіраўніка краіны, дзяржпадтрымка будзе аказвацца тым сельгаспрадпрыемствам, ад якіх дзяржава атрымлівае аддачу. Каб яе мець, на Пастаўшчыне вядзецца будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» на 768 галоў дойнага статка, рэканструкцыя фермы ў «Кураполлі-агра» (768 кароў) і малочным заводам у Юньках (440 кароў).
Са словамі падзякі за старанную працу да прысутных звярнуліся першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі і старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава. Яны адзначылі, што работа ў сельскай гаспадарцы патрабуе шмат сіл, адказнасці і аддачы, тут не бывае ні свят, ні выхадных. І людзі шчыруюць і дабіваюцца высокіх вынікаў. Вялікай групе хлебаробаў яны ўручылі Падзякі старшыні райвыканкама, Ганаровыя граматы і Падзякі абласной і раённай прафсаюзных арганізацый работнікаў АПК.
Цудоўным падарункам для прысутных на свяце стаў канцэрт арт-групы «Беларусы».
Анна Анішкевіч
Фота аўтара і Наталлі Налей