Бывший председатель бывшего Ширковского сельского Совета Любовь Антух отметила юбилейный день рождения

Общество

У кастрычніку юбілейны дзень нараджэння адзначыла былы старшыня былога Шыркаўскага сельскага Савета Любоў Антух.

Для ўручэння Ганаровай граматы раённага Савета дэпутатаў яе запрасілі ў кабінет старшыні райсавета Пятра Курто. Ахвотных павіншаваць паважаную юбілярку было шмат. Сярод іх начальнікі аддзелаў райвыканкама: ідэалагічнай работы — Галіна Чаплінская, арганізацыйнага — Алена Рудніцкая, землеўпарадкавання — Алена Іванькова, а таксама старшыні Юнькаўскага сельскага Савета і раённага савета ветэранаў Юрый Кісялёў і Ганна Літвіновіч. Усе прысутныя адзначалі высокія прафесійныя і дзелавыя якасці імянінніцы, яе ўменне праца­ваць з людзьмі, знаходзіць сярод іх аднадумцаў і аб’ядноўваць іх сумеснай справай, весці за сабой. Ва ўсіх было шмат агульных успамінаў.

Бацька Любові Іосіфаўны — былы франтавік, служыў на Чарнаморскім  флоце, потым з сям’ёй абуладкаваўся ў Калінінградзе. Там і нарадзілася дзяўчынка Люба. А ў Беларусі, недалёка ад Гарадка, жылі яе бабуля з дзядулем. Маленькая Люба праводзіла ў іх школьныя канікулы. Цётка, што працавала выкладчыцай у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі, прапанавала пляменніцы вывучыцца на тэхніка-таваразнаўца.

Бывший председатель бывшего Ширковского сельского Совета Любовь Антух отметила юбилейный день рождения

Вучоба стала для Любові лёсавызначальным этапам, бо падчас яе пазнаёмілася з будучым мужам. Вячаслаў быў старэйшы і, атрымаўшы дыплом, прызваўся на тэрміновую службу. А калі вярнуўся, адразу прыехаў па каханую. Практычна адначасова на руках выпускніцы былі дыплом аб заканчэнні вучобы і пасведчанне аб шлюбе. Маладыя прыехалі на радзіму мужа, у Шыркі. Вячаслаў Антух заняў пасаду галоўнага інжынера калгаса «Шлях да камунізму» з цэнтрам у Целяках. У гэтай вёсцы Люба загадвала мясцовай бібліятэкай і клубам.

— Працаваць было вельмі цікава, — успамінала Любоў Іосіфаўна. — Вёска вялікая, моладзі шмат, усе актыўныя. І калі вярнуліся ў Шыркі, то нават крыху сумавала. У 1989 годзе мяне выбралі сакратаром Шыркаўскага сельскага Савета. Старшынёй у той час працаваў Іван Дударонак. У адзін з дзён у Івана Іванавіча ў рабочым кабінеце раптоўна спынілася сэрца.

І старшынёй выбралі Любоў Антух. Асвоіцца на новай паса­дзе дапамагалі больш вопытныя калегі Кацярына Урбан, Зінаіда Стрэж. Любоў Іосіфаўна хутка ўвайшла ў курс спраў, яна ведала пайменна ўсіх жыхароў населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Для вяскоўцаў стала тым чалавекам, якому яны шчыра давяралі, ад якога чакалі дапамогі, прасілі парады па любым пытанні. Старшыня блізка да сэрца прымала праблемы, што ўзнікалі ў нядобранадзейных сем’ях, умела пагутарыць з бацькамі, якія мала ўвагі надавалі выхаванню дзяцей, з парушальнікамі грамадскага парадку. Пастаянна трымала іх на кантролі. Разам з кіраўніцтвам калгасаў імя Чапаева і імя Асяненкі вырашала не толькі гаспадарчыя справы, але і бытавыя пытанні.

— З удзячнасцю ўспамінаю старшынь калгаса імя Асяненкі Івана Рудніцкага, Мікалая Коваля, якія шмат зрабілі для добраўпарадкавання Шырак і іншых населеных пунктаў, — гаварыла суразмоўца. — Заўсёды дапамагаў старшыня праўлення райспажыўтаварыства Грыгорый Леўкавец, які з’яўляўся дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па нашай акрузе.

13 гадоў Любоў Іосіфаўна на заслужаным адпачынку. Заўсёды рада сустрэчы з былымі старшынямі сельскіх Саветаў Валянцінай Філімонавай, Аленай Антух, Аляксеем Аліхверам і іншымі. Хапае клопатаў каля дома, у агародзе. Яны з мужам заўсёды з нецярпеннем чакаюць прыезду дачок Таццяны і Юліі з сем’ямі. Па-ранейшаму Любоў Іосіфаўна не застаецца ў баку ад грамадскіх спраў, прымае актыўны ўдзел у ветэранскім руху, хвалюецца за вёску, дзе жыве, хоча, каб яна развівалася.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.