У 32 гады – «Ганаровы дарожнік». Такога звання ўдастоены напярэдадні прафесійнага свята прараб філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» Андрэй Рагіня.
У тым, што ён выбраў прафесію дарожніка, няма нічога дзіўнага. У філіяле вадзіцелем працуе бацька Часлаў Альфрэдавіч, начальнікам — родны дзядзька Станіслаў Альфрэдавіч. Андрэй скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж і прыйшоў у калектыў Пастаўскага ДРБУ-132. Яго назначылі дарожным майстрам. Сёння Андрэй успамінае аб’екты, на якіх рабіў першыя крокі ў прафесію: удзельнічаў у будаўніцтве сянажных траншэй каля малочнатаварнага комплексу ў Коўзанах, добраўпарадкаванні тэрыторыі каля яго, абуладкаванні пад’езду і тэрыторыі каля першага шматкватэрнага дома ў мікрараёне 6 гарадка. Тады многаму навучыўся ў вопытнага дарожніка Мечыслава Янковіча. Некаторыя лічаць, што Андрэю было прасцей асвойвацца ў калектыве пад надзейным крылом дзядзькі. Але ён прызнаецца, што слабінкі яму ніхто ніколі не даваў. Ды і сам імкнуўся і імкнецца любое заданне выконваць якасна, каб не было сорамна ні самому, ні родным.
У першы год самастойнай работы паступіў на завочнае аддзяленне Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і праз 6 гадоў атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Некаторы час у лабараторыі асфальтабетоннага завода ў Боцьвінах правяраў якасць будаўнічых матэрыялаў. Пазней назначылі вытворцам работ. Зарэкамендаваў сябе кампетэнтным спецыялістам. Пад яго кіраўніцтвам не толькі рамантуюцца дарогі, але і выконваюцца іншыя работы на розных аб’ектах заказчыкаў. Цяпер Андрэя можна часта бачыць на МТК «Юнькі», на ўчастках дарог, дзе вядзецца іх рамонт.
Прызнаецца, што хоць спектр абавязкаў шырокі, яму падабаецца быць мабільным і дынамічным. Па любым пытанні ён заўсёды можа параіцца не толькі з роднымі, але і з іншымі. Большасць дарожных майстроў маладыя. А вось вадзіцелі, механізатары маюць стаж ад 20 да 30 гадоў. Да кожнага трэба знайсці падыход. Немалаважным з’яўляецца давер як кіраўніцтва, так і іншых членаў калектыву. У такім выпадку не боязна брацца за любую работу. Андрэй не цураецца ніякай. Калі трэба, можа ўзяць у рукі лапату і дапамагчы дарожным рабочым, затрымацца з імі на аб’екце даўжэй. Хаця трапіць дадому заўсёды хочацца своечасова, бо там яго чакаюць жонка Ксенія і трохмесячны сынок Мікіта.
Анна Анішкевіч