Рыхтуючы чарговы выпуск праекта, кожны раз звяртаюся да гісторыі вёскі. З энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі» даведалася, што Грыдзькі знаходзіліся ва ўладанні Тызенгаўзаў. У 1905 годзе тут налічвалася 257 жыхароў, апрацоўвалася 330 дзесяцін зямлі, дзейнічала народнае вучылішча. У 1941 годзе — 58 двароў і 150 жыхароў. У чэрвені 1944-га акупанты спалілі ўсю вёску і жыхароў, якія ў той дзень знаходзіліся дома. Падчас акупацыі загінула 12 вяскоўцаў. 27 чалавек ваявалі на фронце, 6 з іх загінулі. У 1950 годзе ў вёсцы быў створаны першы калгас «Шлях Сталіна».
Увекавечыла ў кнізе
Але ёсць яшчэ адна пісьмовая крыніца гісторыі Грыдзек — самая блізкая і дарагая для выхадцаў з вёскі. Гэта кніга, падрыхтаваная ўраджэнкай Грыдзек Соф’яй Жук. «Для мяне гэта самае светлае і чыстае месца на зямлі, — піша ў прадмове аўтар. — Тут я нарадзілася, расла, тут мяне заўсёды чакалі, тут жылі дарагія мне людзі». Далей яна расказвае, што сабой уяўляла вёска ў пачатку ХХ стагоддзя. Працытую асобныя радкі: «Была мнагалюднай, гаспадарку вялі аднаасобна. З «тэхнікі» — конь, саха, барана, плуг. Усе жанчыны мелі залатыя рукі: пралі, ткалі, шылі, вышывалі». Найбольшая каштоўнасць гэтага выдання, якое вельмі годна аформлена і паліграфічна, — фотаілюстрацыі. На кожнай старонцы размешчана па некалькі здымкаў і подпісаў пад імі, у якіх — гісторыя сем’яў. Адметна, што на першых старонках — здымкі тых, хто змагаўся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Нізкі паклон Соф’і Андрэеўне за яе каласальную працу па зборы матэрыялаў і выданні кнігі, якой яна ўвекавечыла сваю родную вёску. А мы знаёмімся з сённяшнімі Грыдзькамі.
Куток бацькоўскі не прадаецца
Напэўна, нікога не пакідае раўнадушным хіт папулярнай беларускай групы «Дразды», у якім гучаць такія словы: «Не прадаецца хата бацькоў,/ Куток бацькоўскі не прадаецца,/ Куды вяртаюсь я зноў і зноў,/ Дзе адчуваю, як сэрца б’ецца».
З ліку тых, хто даражыць бацькоўскім кутком, Ірына Счасная. Яе кватэра — у Паставах, работа — у Навасёлках, а месца сілы — у Грыдзьках.
— У гэтым доме жылі мае дзядуля з бабуляй, бацькі, тут нарадзіліся я і мой брат, — расказвае Ірына і паказвае на сцяне партрэты продкаў. — Дзядуля, Сяргей Швед, — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён вельмі любіў нас, унукаў, а мы ганарыліся ім, зараз даражым памяццю пра дзядулю.
Памяць і ў тым, што жыве дзедаў дом. Прычым ён выглядае вельмі эфектна. Гаспадары здолелі ўдала спалучыць элементы мінуўшчыны і сучаснасці, ад чаго і своеасаблівая аўра ў пакоях.
Муж Ірыны, Сяргей, зараз працуе ў Санкт-Пецярбургу, там жывуць і іх дачка з зяцем. Усе вельмі любяць прыязджаць у Грыдзькі. Сяргей едзе не адпачываць, а працягвае добраўпарадкоўваць сядзібу. Больш за тое, Ірына з Сяргеем купілі суседні дом, які доўгі час пуставаў і наводзіў на іх сум. Ужо распачалі наводзіць парадак і там. Ніхто не сумняваецца, што з часам створаць такі ж узорны куточак, як і на дзедавай сядзібе.
Не прадалі і не закінулі бацькоўскія сядзібы Анатолій і Яўгенія Лосікі, Артур Ягела з жонкай, Зоя і Віктар Курыловічы, Лена Пахомчык, Наталля і Віктар Бухавецкія, Таня і Расціслаў Чарэнкі.
Жанчына са стрэльбай
Не палохайцеся, гэта не агрэсарка, а аматарка палявання Алена Голубева. Не сфатаграфавала яе са зброяй у руках толькі таму, што не застала дома. Мы сустрэліся ў «Мясной лаўцы» па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, дзе яна працуе.
На маё здзіўленне незвычайным для жанчыны захапленнем Алена Аляксандраўна адказала: «А мне заўсёды падабаліся мужчынскія заняткі: касіць, будаваць, паляваць, лавіць рыбу».
Яна мае паляўнічы білет, зарэгістраваную стрэльбу. Але сцвярджае, што не прагне здабычы, хіба што лісу ці янота калі застрэліць, затое наталяецца еднасцю з прыродай.
— Я і ўнукаў далучаю да яе, — расказвае. — Саджу ў машыну — і едзем у лес. Паказваю, як распазнаваць сляды звяроў. А колькі радасці было, калі яны ўбачылі казулю, лася! Сёлета надзвычай грыбны год. Грыбоў нарыхтавала, напэўна, больш, чым хтосьці — бульбы. А колькі ягад мы з дочкамі наносілі з лесу і прадавалі ў тыя гады, калі мелі вялікія матэрыяльныя цяжкасці!
Зараз у абедзвюх яе дачок, якія жывуць у Паставах, свае сем’і. А Алена, 3 гады назад развёўшыся з мужам, абуладкавалася ў бацькоўскім доме ў Грыдзьках. З дапамогай дачок і зяцёў ператварыла старую хату ў сучаснае добраўпарадкаванае жыллё з усімі выгодамі, нават электраацяпленне зрабіла.
— Захапляюся нашай вёскай, — радасна дзялілася Алена. — Люблю людзей і работу. Зараз у маім жыцці найлепшы перыяд, і нічога мяняць не збіраюся.
Упершыню села за руль у 57 гадоў
У той дзень, калі я наведалася ў вёску, яе старэйшыну Рэгіну Ціхановіч чакалі неадкладныя справы ў райцэнтры — у двары ўжо праграваўся «Сітраен Ксара». Не стала затрымліваць жанчыну. Тым больш напярэдадні мы доўга размаўлялі з ёй па тэлефоне.
Жахаркай Грыдзек яна стала ў 1991 годзе. Сям’я пераехала сюды з Ашмяншчыны, калгас выдзеліў жыллё. Яны з мужам працавалі ў жывёлагадоўлі, трымалі шмат скаціны на ўласным падвор’і.
— 10 гадоў назад не стала майго Івана, — расказвала Рэгіна Рамуальдаўна. — Вельмі цяжка перажывала дарагую страту. Адольвалі трывога, страх, павышаўся ціск, не знаходзіла сабе месца. Каб адцягнуць мяне ад гнятлівых думак, дзеці ўгаварылі пайсці ў ДТСААФ на вадзіцельскія курсы. Пайшла, улягла ў вучобу і ў 57 гадоў з першага разу здала і тэорыю, і ваджэнне.
Асабліва часта яна курсіруе на машыне з Грыдзек у Юнькі, дзе будуе дом яе сын, потым у Паставы, каб адвезці ўнука да рэпетытара, прыгледзець за ім, пакуль мама на экзаменацыйнай сесіі ва ўніверсітэце. Ды ці мала іншых дарог і клопатаў? Паспявае ўсюды.
— Я і на веласіпедзе з задавальненнем езджу, — казала. — Штодня выконваю такія фізічныя практыкаванні, як адцісканне, прысяданне. Адным словам, не падпускаю да сябе старасць.
За 32 гады пражывання Грыдзькі сталі для Рэгіны Ціхановіч роднымі. Як старэйшыну яе радуе, што людзі тут шчырыя, працавітыя і гаспадарлівыя. Акрамя тых сем’яў, пра якія змешчаны асобныя матэрыялы, трэба назваць і сем’і Алесі і Дзмітрыя Гутараў, Сяргея і Вольгі Жук. У вёсцы няма закінутых дамоў, а некалькі тых, якія пуставалі, купілі людзі з Пастаў і Мінска. Ва ўзорным стане ўтрымліваюць грыдзькаўцы месца вечнага спачыну вяскоўцаў.
Даўно жывуць у вёсцы Іван Вараб’ёў і Ніна Баравец. Нягледзячы на пажылы ўзрост, яны ўтрымліваюць жыллё і двары ў добрым стане. Нядаўна купіла дом у Грыдзьках і Нініна дачка Галя. Набыла тут дом і Ларыса Невяртоўская, зараз робіць рамонт. Добрым гаспадаром паказвае сябе Сяргей Капцюхоў. Заўсёды чысціня і парадак у дварах Анатолія і Яўгеніі Лосікаў, Віктара і Зоі Курыловічаў, Валянціны Сініцы, у чым заслуга і іх дзяцей. А Лене Пахомчык дапамагаюць не толькі яе дзеці, але і ўнукі. Марат і Назар яшчэ школьнікі, але ўмела ўпраўляюцца з касой, рыдлёўкай, граблямі. Малайцы, хлопчыкі!
Яшчэ раскашуюць хрызантэмы
Праязджаючы праз Грыдзькі, заўсёды звяртала ўвагу на кветнік ля гэтага дома. Нарэшце пазнаёмілася з гаспадыняй — Франяй Врублеўскай.
— Пераехалі сюды з Кейзікаў 40 гадоў назад, — расказвала жанчына. — Шмат гадоў адпрацавала на ферме. Была ў ліку перадавікоў, маю граматы, падзякі.
Але галоўнае яе багацце — 2 сыны і 2 дачкі, 10 унукаў і 4 праўнукі. Старэйшы сын, Дзіма, працуе на сельгаспрадпрыемстве, трое іншых дзяцей знайшлі сабе прымяненне ў Паставах. Франя Люцыянаўна цешыцца, што ўсе дзеці блізка ад яе, часта наведваюцца, дапамагаюць. Калі ўзніклі праблемы са здароўем, яе вазілі не толькі ў раённую бальніцу і ваенны шпіталь, але і ў Віцебску, Мінску лячылася.
— І вось пакрыху кратаюся ў доме і ля дома, — гаворыць. — Трымаю казу, курэй. На градках працаваць ужо не магу, а ў агародчыку з кветкамі корпаюся. Люблю, каб было прыгожа.
— І тут прыгожа заўсёды, — дадае Соф’я Жук, якая дапамагала мне знаходзіць адрасы, за што ёй вялікі дзякуй. — У гэтым двары неаднойчы ладзілася свята вёскі, гучалі музыка і песні.
Паўсюль – узорны парадак
На сядзібе Наталлі і Віктара Бухавецкіх немагчыма не захапіцца ідэальным парадкам, які паўсюль: у садку перад домам і ў самім доме, на градках, у цяпліцах, агародчыку з мноствам кветак.
— Дык гэта ж толькі рэшткі, — зазначае гаспадыня. — Бачылі б вы, як летам усё квітнела.
Пытаюся, як яна паспявае спраўляцца з усім.
— Сёлета ў маі пакінула свой «Шкаляр» (кніжны магазін у райцэнтры — аўт.) і ўсё лета жыла тут. Шчыравала разам з сястрой Алай Жук, якая таксама ўжо на пенсіі і гэтак жа, як і я, даражыць бацькоўскім домам. Тут мы з ёй выраслі, тут да 96 гадоў дажыла наша мама. А які нястомны працаўнік мой муж Віктар!
Побач з сядзібай Бухавецкіх — невялікі вельмі прыгожы дачны домік Таццяны і Расціслава Чарэнкаў, які яны пабудавалі на месцы згарэлага бацькоўскага дома.
— Выдатныя гаспадары! — характарызавала Наталля суседзяў. — Вельмі шкада, што Расціслаў зараз хварэе. Але мы верым, што ён паправіцца і зноў будзе побач з намі. І ўвогуле людзі ў вёсцы добрыя. Кажам, што ўсе мы з грыдзькаўскага брацтва.
Фаіна Касаткіна