Зладжанай камандай працуе лінейна-дарожная дыстанцыя №332 ДЭУ-33 пад кіраўніцтвам Аляксея Шаламіцкага.
Якія ўчасткі дарог у нашым раёне вам найбольш падабаюцца? Мне — на Лучай. Летам тут заўсёды акуратна абкошаныя абочыны, свежай фарбай зіхацяць дарожныя знакі, зімой дарога добра расчышчаная. Праязджаючы, кожны раз у думках дзякую дарожнікам за сумленнае выкананне імі абавязкаў.
Нядаўна даведалася, што адказны за гэты ўчастак начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі №332 ДЭУ-33 Аляксей Шаламіцкі. Ён пастаянна кантралюе гэтыя дарогі, аглядае іх і вырашае, што трэба абнавіць, падрамантаваць. У падпарадкаванні начальніка 17 чалавек, якія робяць усё для таго, каб рух транспарту на замацаваных за імі 80 кіламетрах у напрамку на Лучай, Глыбокае быў бяспечным, а дарогі — камфортнымі.
У вясенне-летні перыяд работнікі дыстанцыі мяняюць дарожныя знакі, абкошваюць абочыны і адкосы, высякаюць кусты, у належным стане ўтрымліваюць аўтобусныя прыпынкі, масты, робяць ямачны рамонт і заліўку трэшчын. Работнікам лінейна-дарожнай дыстанцыі нярэдка прыходзіцца шчыраваць і ў спёку, і ў дождж, а ў экстрэмальных сітуацыях — і ў начны час. Заўсёды дасканала рыхтуюць палатно да эксплуатацыі ў зімовы перыяд: у снегапады і галалёд расчышчаюць, пасыпаюць пясчана-салянай сумессю. Працуюць пры неабходнасці і ў выхадныя.
Пра сваіх падначаленых Аляксей Аляксандравіч можа гаварыць шмат, бо кожны заслугоўвае слоў пахвалы і падзякі. Напярэдадні прафесійнага свята вадзіцель Павел Якубоўскі атрымаў Падзяку РУП «Віцебскаўтадар», вадзіцель Віктар Атрахімовіч — Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў. Такой узнагароды ўдастоены і Аляксей Шаламіцкі. Віктар Атрахімовіч падчас жніва яшчэ аказвае важкую дапамогу хлебаробам ААТ «Сцяг Перамогі-агра» на ўборцы ўраджаю. На камбайне на юнькаўскіх палях працуе ўжо шмат сезонаў.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара