Скоро зима. Пришло время «переобувать» автомобили

Безопасность Важное

Пасля амаль летняга вераснёўскага цяпла ў Беларусь прыйшла сапраўдная восень з зацяжнымі дажджамі і паніжэннем тэмпературы паветра да кліматычнай нормы. А гэты тыдзень наогул азнаменаваўся начнымі замаразкамі, якія нагадалі аўтааматарам пра неабходнасць замены на транспартных сродках летніх шын на зімнія.

Згодна з Правіламі дарожнага руху, усе легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі, а таксама аўтобусы пры ўдзеле ў дарожным руху з 1 снежня па 1 сакавіка павінны быць абсталяваны зімнімі шынамі. Аднак супрацоўнікі ДАІ настойліва рэкамендуюць пераходзіць на іх раней устаноўленага тэрміну — пры паніжэнні тэмпературы паветра да 5—8 градусаў, таму што пры нізкіх тэмпературах летнія пакрышкі цвярдзе­юць і не могуць забяспечыць надзейнае счапленне з дарожным пакрыццём. Наколькі прыслухоўваюцца да дзярж­аўтаінспектараў пастаўчане, карэспандэнт «ПК» вырашыла высветліць, наведаўшы на днях некалькі станцый тэхнічнага аўслугоўвання горада.

Як расказаў начальнік СТА «Аўтамайстар» Аляксей Бяляўцаў, прыязджаць «пераабуць» аўто вадзіцелі пачалі каля двух тыдняў назад. Але наплыву наведвальнікаў пакуль няма: у дзень бывае каля 5 машын. У асноўным прыватныя аўтамабілі, радзей — транспарт арганізацый і прадпрыемстваў. Аналагічная карціна на СТА «Гуцал». А вось на размешчанай усяго за пару соцень метраў ад яе СТА «Бонус» з мінулай суботы сапраўдны аншлаг.

Скоро зима. Пришло время «переобувать» автомобили

— З 9 раніцы я нават ні разу не прысеў, — гаварыў майстар па рамонце і абслугоўванні аўтамабіляў Раман Навіцкі. — І так усе апошнія дні. Для нас, аўтамайстроў, цяпер па-сапраўднаму гарачы сезон. Прадоўжыцца ён прыкладна да канца лістапада.

Па словах Рамана, сярэдні кошт замены шын на дысках з балансіроўкай колаў — каля 50-60 рублёў. Усё залежыць ад дыяметра дыска і профілю шыны. Замяніць прывезеныя аўтаўладальнікам гатовыя колы каштуе 10 рублёў. Прыкладна такія ж расцэнкі і на іншых станцыях тэхабслугоўвання горада.

Падчас майго знаходжання на СТА «Бонус» туды завітала пастаўчанка Таццяна Пахар. Яна прыехала «пераабуць» свой «Форд».

— За рулём я больш за 10 гадоў і заўсёды стараюся своечасова замяніць рызіну, — ахвотна расказвала дзяўчына. — Мінулай восенню спазнілася гэта зрабіць і паплацілася: калі раптам выпаў снег, мяне занесла на летняй рызіне на павароце, машына ўдарылася колам аб бардзюр, пашкодзіўся дыск. І гэта пры тым, што скорасць была малая — ехала на першай перадачы. Сёлета вырашыла загадзя «пераабуцца», каб больш не трапіць у такую сітуацыю. Тым больш што, па прагнозе сіноптыкаў, хутка наступіць зіма.

Хочацца параіць усім аўта­аматарам па прыкладзе Таццяны паспяшацца на СТА — не падвяргаць небяспецы сваё жыццё і жыццё іншых удзельнікаў дарожнага руху. Памятайце старую ісціну: дарога не даруе памылак і легкадумных адносін да бяспекі.



ДА ВЕДАМА

Штрафы за язду на летніх шынах у зімні перыяд:

  • калі вас першы раз спыніць інспектар ДАІ, адсутнасць зімняй рызіны на легкавым аўтамабілі, які ўдзельнічае ў дарожным руху, пацягне за сабой папярэджанне або штраф у памеры да 1 базавай велічыні (да 37 рублёў);
  • за паўторнае такое ж парушэнне на працягу года давядзецца заплаціць штраф ад 2 да 5 БВ (ад 74 да 185 рублёў);
  • за здзяйсненне ДТЗ на аўтамабілі без зімняй рызіны, якое пацягнула прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання або пашкоджанне маёмасці, прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 30 БВ (ад 74 да 1 110 рублёў) або пазбаўленне права кіравання транспартным сродкам на тэрмін да 2 гадоў.


Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.