З 9 па 13 кастрычніка на Пастаўшчыне будзе праводзіцца асноўны этап спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Арсенал», накіраваны на процідзеянне незаконнаму абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых устройстваў і рэчываў, паляпшэнне крымінагеннай абстаноўкі, звязанай з іх прымяненнем. У гэты перыяд супрацоўнікі РАУС будуць правяраць уладальнікаў зброі на прадмет законнасці яе захоўвання, у тым ліку ладзіць сумесныя рэйды з работнікамі раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, ваеннаслужачымі в/ч 2044. Адбудуцца таксама выступленні ў працоўных калектывах арганізацый і прадпрыемстваў, навучальных установах.
Што пагражае тым, хто мае незарэгістраваную зброю і боепрыпасы? На гэта пытанне адказвае старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Андрэй Барадулін:
— За незаконныя дзеянні ў адносінах да паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі ці боепрыпасаў да яе — іх набыццё, перадачу ва ўладанне, захоўванне, перавозку, перасылку або нашэнне — прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 24.46 КаАП Рэспублікі Беларусь. Штраф складае ад 10 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй або без яе прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. У выпадку паўторнага такога ж парушэння на працягу года грамадзянін можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Незаконныя выраб, набыццё, перадача ва ўладанне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне іншай агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых устройстваў і рэчываў караюцца папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў або арыштам ці абмежаваннем волі да 5 гадоў. У некаторых выпадках грамадзяніна могуць пазбавіць волі на тэрмін да 7 гадоў і накласці штраф. За тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна або групай асоб па папярэдняй змове, прадугледжана абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў ці наогул яе пазбаўленне на 2—10 гадоў са штрафам ці без яго.
Нагадаю, што асобы, якія добраахвотна здадуць пералічаныя вышэй прадметы, будуць вызвалены ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
Падрыхтавала Алена Шапавалава