Як жа цяжка даўся Ані яе першынец! Усю цяжарнасць маладая жанчына праляжала ў бальніцы. За некалькі месяцаў да гэтага перанесла складаную аперацыю. Пасля яе медыкі забаранілі на працягу паўтара года цяжараць. Але дзіця зарадзілася… І каб не загінулі ні яно, ні сама, давялося падпарадкавацца рашэнню гінеколагаў і знаходзіцца ў бальніцы пад іх пастаянным наглядам.
Але яна адразу ж забылася на ўсе выпрабаванні, як толькі ўзяла нованароджанага на рукі, прыклала да грудзей. А ўсяго праз 2 гады пасля з’яўлення першынца Данілкі Аня нарадзіла дачушку Еву. Вось яно, мацярынскае шчасце! А жаночае не атрымалася: Ані было ўсяго 28, калі бацька дзяцей загінуў. Але яшчэ да гэтай трагедыі іх сям’я распалася: жанчына зразумела, што не са сваёй палавінкай звязала лёс.
А менавіта яе палавінка знайшлася ў Паставах, дзе яна да знаёмства з Ігарам Сычанковым нават ніколі не была, нягледзячы на тое, што жыла ўсяго за 60 кіламетраў — у Глыбокім. Сустракаліся нядоўга і вырашылі стварыць сям’ю. Данілку і Еву мужчына прыняў, як родных, і яны інакш, як татам, яго не ўспрымаюць.
Як было не нарадзіць дзіця ад мужчыны, якога пакахала? І яна нарадзіла Арсенія.
— Я расла разам з двума братамі і заўсёды ведала, што і ў мяне будзе трое дзяцей, — расказвала Ганна Аляксандраўна. — А атрымалася пяцёра, і ўсе — у радасць.
Да гэтай радасці яна ішла і праз цяжкасці. Не толькі з першынцам, але і з чацвёртым дзіцем — Багданам. Калі зацяжарыла ім і стала на ўлік у жаночай кансультацыі, здала аналізы крыві ў Полацку, там аглушылі: «Вялікая верагоднасць, што народзіцца даун». Раілі зрабіць аборт. Аня адмовілася. «Каго Бог дасць, той і будзе, — вырашыла. — Значыць, гэта мой крыж, і мне яго несці». Ігар, бачачы, як перажывае жонка, настаяў на дадатковым абследаванні ў адной са сталічных клінік. Там абверглі дыягназ — і нібы гара звалілася з яе плеч.
— Паглядзіце, які ўдалы наш Багданчык! — цешыцца маці з сыночка. — А паўтара года назад наша сям’я папоўнілася яшчэ адной дачушкай. Саша — усеагульная любіміца. Толькі Багдан іншы раз крыўдуе, што больш увагі дастаецца Сашачцы, а не яму. Яна просіцца на рукі — і ён тут як тут: «Вазьміце і мяне!».
Даніла займаецца на другім курсе Пастаўскага дзяржкаледжа. Ён — будучы тэхнік-механік. Актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці навучальнай установы. У яго шмат грамат, мае медалі за дасягненні ў спорце. Ева — навучэнка 8 класа СШ №4, удзельніца школьнага ваенна-патрыятычнага клуба. Марыць пра прафесію юрыста. Пяцікласніку Арсенію яшчэ ранавата вызначацца з выбарам прафесіі. Ну а Багдану і Сашы толькі і тых клопатаў, што забавы.
— Вядома, нялёгка выхоўваць пяцёра дзяцей, — казала Ганна. — Але ж мяне ніхто не прымушаў нараджаць. Так вырашыла сама, а муж падтрымаў. Ігар — надзейная апора ва ўсім. Ён адказны, працавіты, клапатлівы, любіць дзяцей, а яны — яго. Калі неабходна, на падмогу нам прыязджае з Глыбокага мая мама. Таты, на вялікі жаль, ужо няма ў жывых.
Гаварыла Ганна Аляксандраўна і пра дзяржаўную падтрымку. Дзякуючы таму, што атрымалі сямейны капітал і льготны крэдыт, яны змаглі дабудаваць дом, і зараз усе дзеці маюць асобныя пакоі. Еве пашчасціла два месяцы правесці ў Італіі, Даніла папраўляў здароўе ў санаторыі, Арсеній адпачываў у лагеры. Іх дзеці атрымліваюць бясплатныя абеды ў навучальных установах і садку.
У свой час Ганна закончыла глыбоцкае прафтэхвучылішча, дзе набыла спецыяльнасці швачкі, плодаагароднінавода, повара.
— Але па іх ніколі не працавала, — прызнаецца. — Затое атрыманыя веды спатрэбіліся ў сям’і. Люблю гатаваць,ствараць у доме ўтульнасць, вырошчваць агародніну.
Ёсць у яе і дыплом Полацкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа. Таму, пераехаўшы з Глыбокага да мужа ў Паставы, уладкавалася прадаўцом аўтамагазіна і праявіла сябе з найлепшага боку. Муж — кабельшчык-спайшчык «Белтэлекама» — таксама карыстаецца аўтарытэтам на прадпрыемстве.
Такім чынам, дзецям ёсць з каго браць прыклад, а бацькам — радавацца з іх.
— Хіба ёсць большае шчасце, чым твой працяг?! — гаварыла мнагадзетная маці, і яе вочы свяціліся такой любоўю і радасцю, што ў іх промнях станавілася цяплей нават мне, старонняму чалавеку.
Фаіна Касаткіна