Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
Выйсце ёсць – абмежаванне
Падчас прыёмаў насельніцтва ўчастковымі інспектарамі міліцыі да іх нярэдка звяртаюцца жыхары раёна, якія пражываюць з асобамі, што злоўжываюць спіртным. Усе скардзяцца на тое, што муж або сын не ўдзельнічае ў сямейным бюджэце, заробленыя грошы траціць на алкаголь, чым ставіць сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. І побач з просьбамі правесці прафілактычную гутарку пытаюцца: «Што рабіць? Як выйсці з такой сітуацыі?» У адказ міліцыянеры прапануюць абмежаваць аматараў спіртнога ў дзеяздольнасці.
Паколькі праблема актуальная, пра парадак прызнання грамадзяніна абмежавана дзеяздольным на старонках «ПК» расказвае старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юрый Смірноў:
— Кожны чалавек пасля дасягнення ім 18 гадоў набывае здольнасць самастойна ажыццяўляць свае грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх, інакш кажучы, становіцца дзеяздольным. Разам з тым, заканадаўствам прадугледжаны падставы, калі паўналетні можа быць абмежаваны ў ажыццяўленні сваіх грамадзянскіх правоў і над ім устаноўлена папячыцельства. У адпаведнасці з арт. 30 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, такімі падставамі з’яўляюцца: злоўжыванне грамадзянінам спіртнымі напіткамі, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі і як вынік — цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і, а таксама сумеснае пражыванне і вядзенне агульнай гаспадаркі з яе членамі.
Для таго, каб даказаць факт цяжкага матэрыяльнага становішча сям’і ў выніку дзеянняў грамадзяніна, які злоўжывае спіртным, неабходна пацвердзіць, што ён не ўдзельнічае ва ўтрыманні непаўналетніх дзяцей, састарэлых бацькоў, іншых членаў сям’і, якія маюць патрэбу ў дапамозе, не нясе расходы па забеспячэнні адпаведных бытавых умоў, аплаце камунальных паслуг, а таксама не прымае ўдзел у выдатках па вядзенні хатняй гаспадаркі, утрыманні дома або кватэры ў належным санітарным стане і да т. п. Разам з тым, законам устаноўлена, што ў выпадку, калі грамадзянін не прымае ўдзел у расходах па ўтрыманні сям’і не з-за злоўжывання спіртным, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі, а ў сувязі з адсутнасцю пастаяннага заработку ці даходу па аб’ектыўных прычынах (хвароба, немагчымасць працаўладкавацца і г. д.), яго нельга абмежаваць у дзеяздольнасці.
Справа аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным можа быць пачата па заяве членаў яго сям’і, якая падаецца ў суд па месцы жыхарства першага. У далейшым, калі падставы для абмежавання ў дзеяздольнасці адпадуць, суд можа прыняць рашэнне аб яго адмене. Доказамі таго, што змяніліся пералічаныя вышэй абставіны, з’яўляюцца даведкі аб праходжанні лячэння ад алкагалізму, наркаманіі, станоўчыя характарыстыкі з месца жыхарства, паказанні сведкаў і да т. п.
Падрыхтавала Алена Шапавалава