Мини-опрос. Какая она, жизнь деревенской женщины?

Общество

Якое яно, жыццё вясковай жанчыны? Пра гэта карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў жыхарак раёна.

Мини-опрос. Какая она, жизнь деревенской женщины?

Аксана Касякова, галоўны аграном ААТ «Камайскі-агра»:

— Атрымаўшы прафесію агранома, я вярнулася ў Лынтупы, у сельгаскааператыў «Блакітныя азёры». Затым некаторы час працавала ў ААТ «Янавіца-агра». Чацвёрты год у «Камайскім». Аграном — гэта не прафесія, гэта стыль жыцця: ад світання за захаду сонца ў полі, водпуск — зімой. Тым не менш сваю работу люблю. Гарадская мітусня — не маё, мне бліжэй вясковы спакой. Радуюся зялёнай руні зерневых, водару толькі што абмалочанага зерня, добрай ураджайнасці, працавітым механізатарам. Вельмі важная падтрымка сям’і. Муж працуе на Беларускай АЭС, сын — 9-класнік. Жывём з мамай, якая заўсёды выручыць. А калі ўсё добра дома, здаровыя родныя — то большага шчасця і не трэба.

Валянціна Таяновіч, аператар машыннага даення ААТ «Хацілы-агра»:

— Мне 44 гады. Усе яны звязаны з сельскай мясцовасцю. У Хацілах жывём з 2006 года. Я і муж працуем на сучасным комплексе, дзе кароў дояць робаты. Вельмі люблю жывёлу, таму работа прыносіць задавальненне. Немалаважна і добрая зарплата. У горадзе такую далёка не ўсюды атрымаеш. На ўласным падвор’і трымаем свіней, курэй. Садзім агародніну. У нас дзве дачушкі: Анастасія — акушэр у Мінску, Валерыя — фельчар у Мядзеле. Дзеці дарослыя, таму маю магчы­масць больш часу прысвяціць сабе. Лічу, што жанчына павінна быць заўсёды акуратна прычасанай, з манікюрам і макіяжам. Вядома, на рабоце на галаве хустка. Але калі выбіраюся ў райцэнтр ці да дачок, то і выглядаю адпаведна. Мы часта бываем у Мінску, ладзім з дочкамі культурную праграму. Любім паплаваць у басейне, пагуляць у боўлінг і вярнуцца на вясковыя прасторы. Да іх душой прыкіпелі.

Іна Русецкая, загадчыца Дунілавіцкага сельскага Дома культуры:

— Хоць мая работа не звязана з аграпрамысловым комплексам, жыццё адрозніваецца ад гарадскога. Вырасла ў шматдзетнай сям’і, з маленства прывучаная да вясковай працы. Выйшла замуж, і з мужам адразу абзавяліся гаспадаркай. Спачатку трымалі толькі свіней, затым з’явіліся куры, потым купілі карову, пазней — другую. А быў час, што і трох буронак трымалі. Выхавалі пецярых дзяцей. Закончыўшы вясковую школу, яны змаглі паступіць у прэстыжныя навучальныя ўстановы. Анжаліка закончыла Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя М. Танка і працуе настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў Мінску. Аня — там жа цырульнікам-візажыстам. Сын Саша — у Санкт-Пецярбургу. Слава вучыцца ў Акадэміі сувязі. Пры нас малодшы — 11-класнік Вова.

Па-ранейшаму на падворку дзве каровы. Сена для іх нарыхтоўваем сваімі сіламі. Летам мой дзень пачынаецца ў 4 раніцы. Бягу даіць кароў, бо ў 5 гадзін ужо прыязджае малаказборшчык. Цяпер прачынаюся пазней. Але клопатаў усё роўна хапае. Што засталіся жыць у вёсцы, з мужам не шкадуем. Дзяржава пабудавала нам як мнагадзетнай сям’і дом. Любім прыроду. У Дунілавічах яна прыгожая: побач возера, недалёка лес з ягадамі і грыбамі. Я сама ваджу машыну. Часта бываем у горадзе. І не толькі на мерапрыемствах, дзе наш калектыў мастацкай самадзейнасці прапануе гледачам сваё выступленне, але і на канцэртах розных зорак эстрады.

Культработнікі ўмеюць самі весяліцца і робяць усё для таго, каб жыццё ў вёсках не было сумным.

Марына Іршонак, індывідуальны прадпрымальнік:

— Мая радзіма — Ляхаўшчына. Бацька быў трактарыстам, мама працавала ў паляводстве. А потым і яна закончыла механізатарскія курсы і села за руль трактара. На жаль, бацькоў ужо няма на гэтым свеце. Я выбрала медыцыну і 30 гадоў адпрацавала фельчарам хуткай дапамогі. Выйшла на льготную пенсію, і вырашылі з мужам адкрыць уласную гандлёвую кропку. Падштурхнула тое, што, калі прыязджала ў родную Ляхаўшчыну і заходзіла ў магазін, заўсёды шкадавала сваіх землякоў: які бедны асартымент тавараў!

У маі бягучага года мы распачалі невялікі бізнес. Ад зямлі я не адарвалася. Жывём у Варапаеве ў сваім доме, каля яго — агарод і кветнікі. Не закінулі мой родны дом у Ляхаўшчыне і бабулін у Рэдзькаўшчыне. Трымаем пасеку. Работы хапае. Але якое задавальненне прыносяць дагледжаная тэрыторыя, добры ўраджай агародніны! Заўсёды з нецярпеннем чакаю ў госці дзяцей і траіх унукаў. Сын Саша — інспектар Пастаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дачка Алена — урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг у Мінску, малодшая Ірына — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Усе мы любім вёску і вяскоўцаў. Іх душэўнасць, шчырасць надаюць сіл і энтузіязму.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.