Напярэдадні Дня работнікаў культуры карэспандэнт «ПК» завітала ў Юнькаўскі сельскі Дом культуры. І даведалася, як яго работнікам удаецца праяўляць сябе за межамі Пастаўшчыны, чаму іх здымае нацыянальнае тэлебачанне і якую ролю ў творчым жыцці можа адыграць качагар.
У прасторным будынку СДК мяне сустракае яго дырэктар Алена Зубко. На гэтай пасадзе, як і ў цэлым ў галіне культуры, яна шчыруе з 2018 года. У новую для сябе прафесію прыйшла, маючы немалы вопыт правядзення дзіцячых анімацыйных праграм (ладзіла іх як індывідуальны прадпрымальнік). У тым жа 2018-м змяніла гарадскую прапіску на вясковую: з сям’ёй пераехала жыць з Пастаў у Юнькі. І пачала тут рэалізоўваць з калегамі шэраг новых ініцыятыў.
— У нашым сельсавеце сёння пражывае каля 1200 чалавек — ад маленькіх дзяцей да людзей вельмі паважанага ўзросту, — расказвала Алена Зубко. — І наша, культработнікаў, задача — разнастаіць іх вольны час, дапамагчы раскрыць творчыя здольнасці, прыўнесці ў жыццё станоўчыя эмоцыі. Як можам, стараемся гэта зрабіць.
Пры СДК дзейнічае шэраг клубных фарміраванняў. Сваёй творчасцю радуюць гледачоў вакальны і фальклорны калектывы «Венера» і «Вячоркі», якія аб’ядноўваюць дарослых жыхароў Юнек. Дзеці займаюцца ў тэатральным, харэаграфічным, вакальным калектывах, мастацкім гуртку «Вясёлка», клубе аматараў творчасці «Натхненне», гуртку па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве «Памагатар», наведваюць і клуб аматараў спорту «Моцны арэшак».
У адным будынку з клубам знаходзіцца мясцовая бібліятэка, якая мае нямала сваіх прыхільнікаў. Бібліятэкар Марына Касцюк таксама шмат шчыруе на ніве культуры, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці клуба «Юнчанка», шмат дапамагае клубным работнікам.
— Наш галоўны гонар — народны жаночы клуб «Юнчанка», які летась адсвяткаваў 25-гадовы юбілей, — працягвала дырэктар СДК. — Яго ўдзельніцы для маладзейшых пакаленняў з’яўляюцца прыкладам у многіх справах. Як шануюць яны, як берагуць наша роднае, беларускае! Колькі ў кожнай з жанчын народнай мудрасці і разважлівасці! Не захапляцца імі нельга.
Сёння народным клубам кіруе 29-гадовы рэжысёр Юнькаўскага СДК Валерый Жук’ян. Ён жа вядзе работу чатырох дзіцячых клубных фарміраванняў. Многія пастаўчане ведаюць Валерыя як вядучага раённых мерапрыемстваў. У гэтым амплуа сёлета праявіў сябе на вобласці, стаўшы лаўрэатам абласнога конкурсу «Я — вядучы».
Знакавай падзеяй 2023 года для Валерыя стала атрыманне дыплома. Вясной ён скончыў завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, атрымаўшы спецыяльнасць рэжысёра народных свят і абрадаў. Малады чалавек не выключае, што ў наступным годзе будзе спрабаваць паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.
А пачынаўся яго шлях у культуру больш чым своеасабліва.
— Вярнуўшыся з арміі, я шукаў работу на зіму і ўладкаваўся ў Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна качагарам, — расказваў Валерый Жук’ян. — Неўзабаве да мяне звярнуліся яго супрацоўнікі: патрэбны быў хлопец, які мог бы развучыць для выступлення з дзяўчатамі танец кракавяк. Я пагадзіўся, хаця да гэтага ніколі ў мастацкай самадзейнасці не ўдзельнічаў. Паступова стаў уключацца ў работу цэнтра. Калі прапанавалі работу ў Юньках, згадзіўся. Не адмовіўся і стаць кіраўніком «Юнчанкі». Вакол мяне столькі душэўных, шчырых людзей, што ў іншым калектыве сябе ўжо не ўяўляю.
Падабаецца хлопцу і тое, што ў СДК шчыруюць і іншыя маладыя людзі. Дырэктару — 32 гады, акампаніятару Карыне Волкавай, якая прыязджае ў Юнькі з Хаціл, — 38. І на працу ў сельскай мясцовасці ніхто з іх не наракае.
— Недахопу ўражанняў у нас ніколі не бывае, — усміхаецца Алена Зубко, якая са сваёй сям’ёй у 2020 годзе перамагла ў рэспубліканскім конкурсе «Уладар сяла». — Толькі сёлета мы паўдзельнічалі ў акцыі «Святкуем па-беларуску», масленічных і купальскіх народных гуляннях, конкурсе сацыяльных відэаролікаў «Мы за ЗОЖ» (у ім перамаглі), шматлікіх кірмашах, конкурсе сельскіх падворкаў у рамках міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» (занялі ў ім 2-е месца), шэрагу іншых мерапрыемстваў. Народны клуб «Юнчанка» праявіў сябе на «Яблычным Спасе» ў Алашках: атрымаў дыплом ІІІ ступені за прэзентацыю нацыянальных страў і правядзенне гульняў.
Дырэктар адзначала і тое, што нямала ўвагі ва ўстанове ўдзяляецца выкананню платных паслуг. Арганізуюцца дзіцячыя анімацыйныя праграмы, канцэрты, дыскатэкі.
На працягу многіх гадоў у СДК наладжана цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі сельвыканкамам, гаспадаркай, школай (цяпер — садком), Навасёлкаўскім Цэнтрам культуры. Пасябравалі культработнікі і з індывідуальным прадпрымальнікам з Пастаў Віталіем Улыбіным. Сёлета яны сумесна правялі ў Манькавічах у абсалютна новым фармаце свята гэтай і бліжэйшых вёсак. MankоFest запомніўся ўсім яго гасцям.
— Інтарэс да дзейнасці нашага СДК ёсць, прычым не толькі з боку мясцовых жыхароў, — адзначыла суразмоўца. — Летась у Юнькі прыязджала здымачная група са знакамітай тэлевядучай Святланай Бароўскай — разам з носьбітам кулінарных традыцый мы гатавалі клёцкі з душамі. А сёлета і сама ездзіла на тэлевізійныя здымкі: мяне запрасілі на СТБ на перадачу «Кропкі над і». Тэмай размовы было жыццё ў вёсцы. Ёсць стэрэатып, што гэта сумна і нецікава, што жыццё б’е ключом толькі ў горадзе. Я з гэтым не пагаджуся. Шчасліва можна жыць дзе заўгодна, асабліва калі ёсць апора — сям’я. Мае дзеці ўдзельнічаюць са мной ва ўсіх святах, для іх гэта заўжды ў радасць. А калі ў мяне водпуск, усё роўна не сядзім на месцы — едзем на мерапрыемствы ў іншыя рэгіёны. Любоў да руху, напэўна, ужо ў крыві…
Іна Стаднік