Ужо 5 гадоў, як Віктар Арэхаў пакінуў пасаду старшыні раённага Савета дэпутатаў і пайшоў на заслужаны адпачынак. Але не адарваўся ад грамадскага жыцця раёна. Пастаянна цікавіцца дзейнасцю райсавета, старшынь сельскіх Саветаў, дэпутацкага корпуса. І гэта зразумела, бо рабоце ў Саветах Віктар Пятровіч аддаў ажно 33 гады.
А працоўную біяграфію ён пачынаў рабочым цагельнага завода, потым — райбыткамбіната, адкуль і пайшоў у армію. Бацькі Віктара былі аўтарытэтнымі людзьмі: маці — дырэктар райбыткамбіната, тата — дырэктар раённай нарыхтоўчай канторы. Маглі і «адмазаць» сына ад службы або ўладкаваць у адну з воінскіх часцей у Паставах. Але гэта супярэчыла іх жыццёвым прынцыпам, таму нават такой размовы ў сям’і не вялося. Ды і сам хлопец марыў пра марфлот. Але служыць трапіў на Байканур.
— Няпроста было адаптавацца да пустыні. Затое ўбачыў Аральскае мора, Сырдар’ю, — расказваў Віктар Пятровіч. — З Байканура пастаянна ўзляталі ракеты. Аднойчы ракета пасля старту ўпала. Моцны выбух, «грыб» у небе, вялізная варонка… Хапіла тады страху. А ўвогуле, успамінаю службу ў арміі як добрую школу жыцця. Прайшлі яе і абодва мае сыны. Больш за тое, старэйшы, Андрэй, закончыў Ваенную акадэмію і зараз у званні палкоўніка служыць у Дзяржпагранкамітэце Рэспублікі Беларусь. Да гэтага ў яго было 14 розных месцаў службы. Малодшы, Аляксандр, выбраў для сябе міліцэйскую службу — з’яўляецца начальнікам аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Пастаўскага РАУС.
Аднак вернемся да цывільнага жыцця. Звольніўшыся з тэрміновай службы, Віктар працаваў у райбыткамбінаце слесарам па рамонце складанай бытавой тэхнікі, механікам, інжынерам па эксплуатацыі і рамонце абсталявання. Камбінат тады быў самым вялікім прадпрыемствам у раёне — на ім працавала больш за 500 чалавек. Завочна скончыў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, пазней — яшчэ і Мінскую вышэйшую партыйную школу, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З’яўляўся дэпутатам гарадскога Савета. У 1989 годзе яго выбралі старшынёй гарадскога Савета.
— У той час у гарадскім Савеце было 70 дэпутатаў, — узгадвае Віктар Пятровіч. — Цэлая каманда, тры фракцыі, у тым ліку і апазіцыйная, але агульную мову ўдавалася знаходзіць з усімі. Было з кім працаваць.
У 1996 годзе ў Беларусі пайшлі на аб’яднанне гарадскіх і раённых Саветаў. Прыняць такое рашэнне было магчыма толькі са згоды дэпутатаў гарсавета. Віктар Арэхаў здолеў пераканаць іх у неабходнасці аб’яднання, і яны прагаласавалі за. Райсавет узначальваў Эдуард Ляшковіч, а Віктар Арэхаў — аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Аднак праз 3 гады ён зноў вярнуўся ў Саветы — ужо ў якасці старшыні райсавета.
— З вялікай удзячнасцю ўспамінаю старшыню райвыканкама Васілія Чэпіка, — гаварыў Віктар Пятровіч. — Ён мне шмат дапамог у станаўленні на гэтай пасадзе. Падтрымлівалі і намеснікі старшыні, начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Заўсёды адчуваў падтрымку старшыні абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра Ацясава, многаму ў яго вучыўся. Ва ўсім мог разлічваць на дэпутатаў, большую палову якіх складалі кіраўнікі.
З вялікай павагай мой суразмоўца гаварыў і пра старшынь сельскіх Саветаў, з якімі яму давялося працаваць. Адзначыў, што з усімі падтрымлівае сувязь, па-ранейшаму ў курсе таго, што адбываецца ў раённым Савеце і на месцах.
— Наступны год асаблівы. Упершыню ў нашай краіне пройдзе адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, — гаварыў Віктар Арэхаў. — І вельмі важна, каб людзі прынялі ў іх актыўны ўдзел і правільна вызначыліся, за каго аддаць свой голас, мелі ўпэўненасць у тым, што іх выбраннік будзе цвёрда стаяць на дзяржаўнай пазіцыі.
А тое, што роля Саветаў вялізная, ён ведае на ўласным вопыце (старшынёй райсавета выбіраўся 5 скліканняў!) Хто, калі не раённы і сельскія Саветы, клапоціцца пра тое, каб у кожнай вёсачцы, нават там, дзе ўсяго 1-2 жыхары, былі вада, электраасвятленне і інш., прыходзіў аўтамагазін. Ды і з любой іншай патрэбай людзі звяртаюцца да прадстаўнікоў мясцовай улады.
6 кастрычніка Віктар Арэхаў адзначыў юбілей. Атрымаў Ганаровыя граматы абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, райвыканкама. А самае галоўнае — у той дзень у яго адрас прагучала шмат слоў удзячнасці і добрых пажаданняў не толькі ад кіраўніцтва вобласці і раёна, але і ад былых калег з іншых раёнаў, старшынь сельскіх Саветаў і дэпутатаў райсавета. Не магла не спытаць у юбіляра пра асабістае і я. Пра выбар двух яго сыноў вы ўжо ведаеце. З жонкай Людмілай ён 46 гадоў у шчаслівым шлюбе. Унук Даніла наступнай вясной заканчвае сярэднюю школу ў Мінску. Юнак адказны і мэтанакіраваны.
— А для ўнучак Евы, якая ходзіць у 2 клас, і 5-класніцы Машы я — асабісты вадзіцель, — жартаваў Віктар Пятровіч.
І адчувалася, што такая «пасада» прыносіць яму асаблівую радасць.
Фаіна Касаткіна