Па ініцыятыве райкама БРСМ на Пастаўшчыне кожны год ствараюцца студэнцкія атрады. Не стаў выключэннем і сёлетні. Вынікі трэцяга працоўнага семестра падвялі на мінулым тыдні.
Мерапрыемства прайшло ў канцэртнай зале дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. На яго сабраліся не толькі студатрадаўцы, але і наймальнікі.
Сёлета 13 студатрадаў аб’ядналі амаль 230 чалавек. Падчас летніх канікул яны працавалі на зернескладах ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай», у цэху ААТ «Паставымэбля», гадавальніку лясгаса, разам з будаўнікамі КБУП «Рассвет Пастаўскі» на ўзвядзенні дома-інтэрната ў Шаркаўшчыне. А восенню члены 6 атрадаў з ліку навучэнцаў каледжа дапамагалі ва ўборцы бульбы на хацілаўскіх і навасёлкаўскіх палях.
Ад імя кіраўніцтва раёна за старанную працу маладым людзям падзякаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. З прывітальным словам да прысутных звярнулася другі сакратар райкама БРСМ Таццяна Вішнеўская. З яе рук найбольш працавітыя хлопцы і дзяўчаты атрымалі граматы і невялікія падарункі.
Сярод узнагароджаных — навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Вячаслаў Шчарбіцкі, Антон Курцэвіч, Кірыл Урбанайць і Уладзіслаў Сініца. Хлопцы шчыравалі на ўзвядзенні дома-інтэрната ў Шаркаўшчыне. Прызналіся, што не заўсёды было лёгка: трэба было рана ўставаць, насіць пясок, раўняць гравій, выконваць іншыя прасцейшыя будаўнічыя работы. Юнакі лічаць, што час правялі з карысцю для сябе і грамадства. У канцы працоўнага семестра парадавала зарплата. А мець грошы, заробленыя сваімі рукамі, заўсёды прыемна.
— Студатрадаўскаму руху сёлета споўнілася 60 гадоў, — гаварыла Таццяна Вішнеўская. — Сучасная моладзь прадаўжае традыцыі папярэднікаў. Ахвотных папрацаваць у перыяд летніх канікул заўсёды бывае шмат. І гэта радуе.
Бязмежна ўдзячныя кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай» Вячаславу Крыштафовічу і Юрыю Шымчыку, ААТ «Паставымэбля» — Сяргею Лацецкаму, КБУП «Рассвет Пастаўскі» — Альфрэду Мальцу, лясгаса — Уладзіміру Місачэнку за тое, што прымаюць у сябе студатрадаўцаў, ствараюць для іх бяспечныя ўмовы працы.
Прадстаўнікам названых калектываў Таццяна Вішнеўская ўручыла падзякі. Затым адбыўся канцэрт, які падрыхтавалі творчыя калектывы дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза і Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара