Кожны год культработнікі Пастаўшчыны дораць святы прадстаўнікам самых розных прафесій. Раз у год яны ладзяць урачыстасць і для сябе. Сёлета яна адбылася ў чацвер, 5 кастрычніка, у канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай. Напярэдадні Дня работнікаў культуры тут сабраліся тыя, хто сёння працуе ў раёне ў гэтай галіне, а таксама яе ветэраны.
Прысутных віншавалі начальнікі аддзелаў культуры, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Лойка, Павел Трава, Вячаслаў Врублеўскі. На сцэне яны ўручылі шэраг грамат, падзяк і дыпломаў, у тым ліку ў намінацыях «Залаты вопыт», «Прарыў года», «Залатыя рукі», «Захавальнікі традыцый», «Яны падаюць надзеі» і іншых.
Шмат увагі ў той дзень было людзям, якія раней укладалі душу і сілы ў развіццё культуры Пастаўшчыны. Усім ім уручылі кветкі і пажадалі захоўваць актыўную жыццёвую пазіцыю, творчую энергію і азарт. Асобныя віншаванні былі адрасаваны заслужанаму работніку Гераіме Пятроўне Танане, якая нядаўна адсвяткавала сваё 80-годдзе. На пенсію яна пайшла з пасады дырэктара раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра, а пасля яшчэ шмат гадоў шчыравала майстрам у Доме рамёстваў.
Настрою ўсім гледачам дадалі як дарослыя, так і юныя артысты з райцэнтра, Варапаева, Дунілавіч. Сваімі творчымі нумарамі яны пацвердзілі: наш рэгіён вельмі багаты на таленты, і дзякуючы ім культурнае жыццё Пастаўшчыны і надалей будзе яркім і разнастайным.
Больше фото в альбомах в ОК и ВК
Падрыхтавала Іна Стаднік