Елена Рогач из д. Казнадеюшки награждена орденом Матери

Общество

З Аленай і Мікалаем Рогачамі я пазнаёмілася мінулай зімой, калі рыхтавала чарговы выпуск рэдакцыйнага праекта «Вёсачка» пра лынтупскія Казнадзеюшкі. «Абавязкова сустрэньцеся з Рогачамі, — параіла старэйшына вёскі Генаэфа Домжа. — Якія яны працаўнікі! І клапатлівыя бацькі пецярых цудоўных дзетак».

Мне тады пашчасціла ўбачыць і сфатаграфаваць усіх, за выключэннем іх старэйшай дачкі Лізы, якая вучыцца ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. І вось даведваюся, што Алена ўзнагароджана ордэнам Маці. Як не павіншаваць жанчыну і не пацікавіцца, што адбываецца ў сям’і зараз?!

Елена Рогач из д. Казнадеюшки награждена орденом Матери

— На днях вас чакае такая вялікая ўрачыстасць, — кажу. — Будуць уручаць ордэн у абласным цэнтры…

— На жаль, я ў Віцебск не паеду, — адказала Алена. — Захварэў наш Арсеній, а хворае дзіця не пакіну. Тым больш што і муж, які працуе на БелАЭС у Астраўцы, не зможа застацца дома. Але тое, што ўдастоена такой высокай узнагароды, прыемна.

У іх сям’і пяцёра дзяцей. Ліза, як ужо згадала вышэй, — студэнтка. Вучыцца «на бюджэце», займаецца спортам, у вольны ад вучобы час працуе ў магазіне. Пагодкі Віка і Насця — навучэнкі Лынтупскай СШ і, як і іх старэйшая сястра, захапляюцца спортам, удзельнічаюць у грамадскім жыцці школы. Арсеній наведвае садок, а найменшая, Альбінка, пакуль што дома, пры маме.

Павялічваючы сваю сям’ю, Алена і Мікалай ні на чыю дапамогу не разлічвалі — з усімі клопатамі па выхаванні дзяцей яны спраўляюцца самі. Як і з яе матэрыяльным забеспячэннем. З гэтай мэтай і пасяліліся ў вёсцы, трымаюць шмат жыўнасці. На сённяшні дзень на падвор’і ажно 20 свіней, шмат парасятак, дзве дойныя казы, куры. Накапалі паўтары сотні, а можа, і больш, мяхоў бульбы (садзілі 20). Нарабілі шмат нарыхтовак на зіму. Такім чынам, пра харчовую бяспеку ім хвалявацца не давя­дзецца. Ды і пра пагоду ў доме — таксама. Яна тут заўсёды цёплая. Ад улюбёнасці бацькоў у жыццё і сваіх дзяцей, адкрытасці і непасрэднасці малых, пастаяннага руху ў пакоях, смеху, гаворкі. «У нас сумна ніколі не бывае», — гаварыла Алена.

Мнагадзетная сям’я мае трох­пакаёвую кватэру ў Паставах, якую пабудавалі з дзяржаўнай фінансавай падтрымкай. Але пераязджаць у райцэнтр Рогачы не спяшаюцца. Разумеюць, што пасля змены месца жыхарства зменіцца і лад іх жыцця. А яны так прывыклі да Казнадзеюшак! Тут усё для іх стала родным.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.