Алла Кравченко работает учительницей начальных классов в СШ №3 уже 35 лет

Образование

У працоўнай кніжцы настаўніцы пачатковых класаў СШ 3 Пастаў Алы Уладзіміраўны Краўчанкі ўсяго адзін запіс — аб прыёме на работу ў гэту школу 15 жніўня 1988 года. Сёлета педагог з 35-гадовым стажам у дзясяты раз павяла ў краіну ведаў першакласнікаў.

У тым, што стане педагогам, Ала Уладзі­міраўна была ўпэўненая з дзяцінства — такі ўплыў на яе, вучаніцу пастаўскай СШ №1, аказала першая настаўніца Ніна Мікалаеўна Ражкоўская. З гадамі жаданне вучыць дзяцей мацнела, чаму ў вялікай ступені пасадзейнічала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Віктараўна Хлапко. Захопленая яе прадметам дзяўчына нават выпускны экзамен здавала па роднай мове. І ўсё ж, атрымаўшы атэстат, падала дакументы не на філалогію, а на педагогіку і методыку пачатковага навучання Віцебскага дзяржаўнага педінстытута імя С. М. Кірава. Там упэўнілася ў правільнасці прафесійнага выбару.

Калі студэнткай праходзіла практыку ў школе, мне настолькі падабалася весці ўрокі, што хацелася хутчэй скончыць інстытут і пайсці працаваць, — расказвала Ала Краўчанка. — Я і ў дэкрэтным водпуску, нарадзіўшы першага сына, была ўсяго паўтара года, бо вельмі цягнула ў школу.

Алла Кравченко работает учительницей начальных классов в СШ №3 уже 35 лет

Ала Уладзіміраўна — педагог з вялікай літары. Па словах калег, яна спакойная, добразычлівая, амаль ніколі не павышае голасу на ўроку, з павагай адносіцца да вучняў і ў кожным выхоўвае асобу. Нездарма многія бацькі імкнуцца аддаць сваіх малых менавіта ў яе клас.

Дзецям я стараюся прывіць дабрыню, міласэрнасць, шчырасць, прыстойнасць, любоў да Радзімы, разгледзець іх таленты і здольнасці і даць імпульс да самаразвіцця, — кажа настаўніца. — Лічу, што ўсе вучні — зорачкі, толькі адна гарыць ярчэй, а другая саромеецца раскрыцца, таму яе трэба падбадзёрыць, пахваліць. Настаўнік гэтыя зоркі запальвае і дапамагае знайсці свой шлях у жыцці.

Выхаванцы Алы Уладзіміраўны часта ўдзельнічаюць у раённай прадметнай алімпіядзе для пачаткоўцаў, конкурсе даследчых работ і заўсёды займаюць прызавыя месцы. Яны творчыя, незакамплексаваныя, разам са сваёй класнай мамай шмат падарожнічаюць па Беларусі, вывучаючы родны край. І нават выпусціўшыся са школы, не забываюць першую настаўніцу: тэлефануюць ёй, віншуюць са святамі, часам прыязджаюць. Ну а што да тых, хто толькі перайшоў у сярэднюю школу, то яны на кожным перапынку прыбягаюць у клас, дзе нядаўна вучыліся, расказваюць пра свае радасці і праблемы.

На працягу 16 гадоў Ала Краўчанка ўзначальвае раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў (зараз кіруе работай настаўнікаў 1—2-х класаў). У яго рамках дзеліцца з калегамі ўласнымі педагагічнымі напрацоўкамі, якіх мае нямала. Ніколі не адмаўляе ў дапамозе тым, з кім працуе побач. Асабліва ўважлівая да маладых педагогаў: заўсёды параіць ім, падкажа.

Калі я толькі прыйшла ў школу, старэйшыя калегі акружылі мяне клопатам, увагай, ва ўсім падтрымлівалі. Цяпер сама стараюся гэтак жа адносіцца да моладзі, — зазначае Ала Уладзіміраўна.

Жанчына актыўная і ў грамадскім жыцці: нязменна ўваходзіць у склад участковай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, знаходзіцца ў скла­дзе рэвізійнай камісіі ў прафсаюзе, а таксама раённай атэстацыйнай.

Як вядома, работа настаўніка няпростая. Яна патрабуе каласальнага цярпення і вытрымкі, умення знайсці падыход да кожнага вучня, пастаяннага самаўдасканалення. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці прафесіі, Ала Уладзіміраўна ні на хвілінку не пашкадавала, што стала педагогам. І па-ранейшаму, як 35 гадоў на­зад, з радасцю спяшаецца ў клас.

Школа — гэта маё жыццё, — прызналася яна. — Я шчаслівая, што сэрцы дзяцей адкрываюцца мне і ёсць магчымасць зноў і зноў бачыць іх удзячныя, захопленыя твары.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.