Вся трудовая биография Александра Диковича связана с лесным хозяйством

Общество

Уся біяграфія Аляксандра Дзіковіча звязана з лясной гаспадаркай. Першы запіс у працоўнай кніжцы зроблены ў 1979 годзе: прыняты на работу лесніком Варапаеўскага лясніцтва.

Мой бацька працаваў лесніком, сваім прыкладам, любоўю да лесу неяк само сабой сарыентаваў на такую ж прафесію, — расказваў Аляксандр Венідзіктавіч. — Скончыў Полацкі лясны тэхнікум, завочна — Беларускі тэхналагічны інстытут.

На яго службовай лесвіцы былі такія прыступкі: тэхнік лясной гаспадаркі, майстар лесу, памочнік ляснічага, ляснічы, галоўны ляснічы, дырэктар лясгаса. Вопыт работы каласальны — 44 гады ў галіне!

21 з іх кірую Полаўскім лясніцт­вам, — працягваў ляснічы 1-га класа Полаўскага лясніцтва Аляксандр Дзіковіч. — Мне заўсёды шанцавала на калектывы. І гэты хоць невялікі — усяго 13 чалавек, але зладжаны і працаздольны. Удзячны кожнаму.

Вся трудовая биография Александра Диковича связана с лесным хозяйством

Полаўскае лясніцтва займае больш за 13 тысяч гектараў на тэрыторыі нашага і Шаркаўшчынскага раёнаў. У тым ліку лясы — 8 400 гектараў, балоты — 4 800. У 2015 годзе тут створаны рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Янка», дзе вя­дзецца ахова рэдкіх відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Калектыў лясніцтва пад кіраўніцтвам Аляксандра Дзіковіча праводзіць вялікую работу па павышэнні прадукцыйнасці і экалагічнай устойлівасці лясоў, захаванні і ўмацаванні іх прыродаахоўных функцый, лесааднаў­ленні і лесаразвядзенні, рацыянальным выкарыстанні лесу, ахове яго ад пажараў, незаконных высечак і іншых парушэнняў.

Летась на тэрыторыі лясніцтва пасадзілі 31 гектар елак, бяроз, вольхі, — дзяліўся ляснічы. — Сёлета па рэкамендацыі кіраўніцтва лясгаса вясной пасадкай не займаліся, а перанеслі яе на восень. І не прагадалі, бо лета было засушлівае, шмат саджанцаў загінула б. Напрыканцы верасня плануем распа­чаць гэту работу. Новыя пасадкі зоймуць 10 гектараў.

Асобна трэба сказаць пра пасеку Полаўскага лясніцтва. На ёй — 115 пчоласем’яў. «Мяркуем сабраць сёлета 3 тоны мёду, — гаварыў Аляксандр Венідзіктавіч. — Нам даведзены план 22 кілаграмы з пчоласям’і. Перавыканаем не менш чым на 4 кілаграмы. Багаты ў нас і ўраджай яблыкаў у садзе, які займае 5 гектараў. На наступным тыдні пачнём іх здаваць на Шаркаўшчынскі кансервавы завод».

Пра што б ні расказваў ляснічы, адчувалася яго вялікая зацікаўленасць справай, радасць за поспехі калектыву. І ўсе свае адзнакі (а іх нямала) ён лічыць агульнай заслугай. Учора ў жыцці Аляксандра Венідзіктавіча адбылася яшчэ адна незабыўная падзея: яму пашчасціла не толькі прыняць удзел у вялікай урачыстасці, што ладзілася ў Палацы Рэспублікі, але і атрымаць ажно дзве высокія ўзнагароды — Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і нагрудны знак Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь «Ганаровы лесавод».

Бясспрэчна, што асабліва шчыра парадаваліся за такія высокія дзяржаўныя адзнакі жонка Аляксандра Вені­дзіктавіча Тамара (яна працуе ў лясніцтве пчалаводам), сыны Аляксандр (майстар лесу Пастаўскага лясніцтва) і Павел, які вывучыўся на біёлага і працуе ў Віцебску. Ды і для калектыву лясгаса гэта ганарова.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.