Все белорусы 17 сентября отмечают самый молодой государственный праздник — День народного единства

Общество

Памятаем, шануем, прымнажаем – разам!

Усе беларусы заўтра адзначаюць самае маладое дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. 84 гады назад менавіта ў гэты дзень — 17 верасня — пачалося ўз’яднанне беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе. Пэўны час гэта дата мела статус галоўнага дзяржаўнага свята, пакуль падзеі Вялікай Айчыннай і разнастайныя акалічнасці не выцеснілі яе на другі план. І вось гістарычная справядлівасць адноўлена, і мы разам узгадваем, як тыя, ужо даўнія падзеі, паўплывалі на станаўленне сучаснай незалежнай Беларусі.

Аснова асноваў – адзінства

«Першая ўмова суверэнітэту і незалежнасці — народнае адзінства. Мы, беларусы, заўжды дэманстравалі яго ў пераломныя моманты гісторыі. Менавіта адзінства давала нам сілы для перамогі над ворагам і абставінамі». Гэтыя словы Прэзідэнта краіны неаднойчы гучалі падчас вераснёўскага адзінага дня інфармавання. Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы пры райвыканкаме правялі сустрэчы ў розных калектывах Пастаўшчыны. Іх тэма гучала як «Адзінства беларускага народа — асноватворны фактар захавання і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці краіны».

Такая сустрэча адбылася і ў рэдакцыі нашай газеты. На ёй выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі райвыканкама Галіна Чаплінская. Яна прывяла гістарычныя прыклады адзінства беларускага народа. Адны з самых яскравых — перамога над ворагам у гады Вялікай Айчыннай і адраджэнне сваёй рэспублікі з руін і папялішча пасля завяршэння вайны.

Гаварыла выступоўца і пра прыхільнасць беларусаў да традыцыйных каштоўнасцей, пра тое, што яны ведаюць цану міру, дэманструюць адкрытасць усяму свету. І што вельмі важна — забяспечваюць пераемнасць культурных традыцый.

Все белорусы 17 сентября отмечают самый молодой государственный праздник — День народного единства

Сёння на Пастаўшчыне, як і ва ўсёй Беларусі, жывуць людзі рознага ўзросту, веравызнання, светапогляду, — адзначыла Галіна Чаплінская. Аднак усіх нас, беларусаў, на мой погляд, павінна аб’ядноўваць любоў да таго месца, дзе мы нарадзіліся і жывём, да сваёй краіны — і тады народ будзе па-сапраўднаму адзіным. Як прывіць патрыятызм сучасным дзецям? Найперш, удзяляючы ўвагу гэтаму пытанню ў сям’і, бо ў першую чаргу ў ёй фарміруецца асоба. Вялікая адказнасць ляжыць і на ўстановах адукацыі. Упэўненая, што вялікую ролю ў грама­дзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення адыграе і Дзень народнага адзінства і тая вялікая інфармацыйная работа, якая ў сувязі з ім праводзіцца.

Сюжэт напісала гісторыя

І моладзь, і прадстаўнікі старэйшага пакалення 14 верасня сабраліся ў пастаўскім кінатэатры «Радзіма» на прэм’еру нацыянальнага кінапраекта «На другім беразе». Ён зняты кінастудыяй «Беларусьфільм» і прысвечаны Дню народнага адзінства.

Перад пачаткам прагляду фільма — а яго ў той дзень паказалі ў большасці кінатэатраў краіны — перад гледачамі выступіла навуковы супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Аксана Журава. Яна расказала пра пераўтварэнні ў палітычным, сацыяльным, эканамічным, культурным жыцці Пастаўшчыны пасля ўз’яднання Беларусі.

Зразумець боль і пакуты лю­дзей, якія з 1921 па 1939 гады жылі пад польскім прыгнётам, і дапамагае новая кінастужка. Яе сюжэт разгортваецца ў 1920-я гг., калі тэрыторыя Беларусі была падзеленая на 2 часткі. Кантэкст гістарычны: паказана, як беларусы адносіліся да Рыжскага мірнага дагавора, а палякі — да нашай мовы і культуры. Прысутнічае і дэтэктыўная лінія, і рамантычная. А вучыць фільм галоўнаму — цаніць родных, любіць Радзіму, берагчы сваю краіну і нацыянальную ідэнтычнасць.

Пастаўчанам глядзець гэту кінакарціну было асабліва цікава: усе ўзнятыя ў ёй праблемы ў 1920-1930-я гады былі актуальнымі і ў нашай мясцовасці, — гаварыла пасля прагляду першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. — Я таксама ўражаная ўбачаным, і цяпер буду рэкамендаваць фільм усім маладым людзям. Пасля яго хочацца паглыбіцца ў тэму — чытаць гістарычную літаратуру, знаёміцца з дакументамі тых часоў. Адным словам, вывучаць мінулае, якое стала падмуркам для гісторыі сучаснай незалежнай Беларусі.

Анастасія Пятрова таксама расказала, што моладзь Пастаўшчыны актыўна ўключылася ў святкаванне Дня народнага адзінства. Актывісты БРСМ у пачатку тыдня ўдзельнічалі ў адкрыцці мурала ў Паставах, у творчым абласным флэшмобе. Учора ладзілі велапрабег па месцах пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — там была праведзена акцыя «Памяць сэрца». Яшчэ адну акцыю «Роднае — народнае» арганізавалі перад урачыстым сходам у раённым Доме культуры.

Гэта толькі невялікая частка мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў раёне, вобласці і краіне да Дня народнага адзінства. Яго гістарычную значнасць на гэтым тыдні абмеркавалі ў Медыяцэнтры Віцебскай вобласці. У якасці спікера на анлайн-сустрэчу быў запрошаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк. Ён падкрэсліў, што новае свята — каласальны ўрок і каласальная памяць. І толькі аб’яднаўшыся, мы можам захаваць яе для наступных пакаленняў беларусаў.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.