Якая адметнасць невялікіх вясковых школ? Не, не толькі малалікасць навучэнцаў, але і своеасаблівая, я сказала б, хатняя ўтульнасць. У Навадруцкай базавай школе-садзе мне давялося пабываць напрыканцы ліпеня. Тады на базе аг. Парыж праводзілася выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, і яго ўдзельнікі наведалі гэту ўстанову. Нягледзячы на тое, што да пачатку новага навучальнага года заставалася яшчэ больш за месяц, яна ўжо была цалкам гатовая да яго.
«Вельмі ўдзячныя дырэктару сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэю Сарапененку, які выдзеліў грошы на набыццё фарбы, — расказвала мне дырэктар школы-сада Таццяна Астроўская. — Рамонтныя работы правялі ўласнымі сіламі. Настаўнікі, тэхперсанал і вучні таксама займаюцца вырошчваннем кветак і агародніны. Добра ўрадзілі бульба, капуста, цыбуля, морква, сталовыя буракі. Абеды для школьнікаў бясплатныя».
І вось наступіла 1 Верасня. На свяце ведаў тут панавала сапраўды сямейная атмасфера. На ўрачыстую лінейку сабраліся настаўнікі, навучэнцы і іх бацькі, прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і старшыня Казлоўшчынскага сельскага Савета Ірына Кукоўская. Акрамя іх, са словамі віншавання да прысутных звярнулася дырэктар школы Таццяна Астроўская і мама першакласніка Марына Зубовіч. Усе жадалі плёну ў працы настаўнікам і поспехаў навучэнцам.
Іх у школе ўсяго 19, яшчэ 9 дзяцей наведваюць садок. Школа маленькая, але які тут згуртаваны і прафесійны педкалектыў і якія старанныя навучэнцы! Адзін музейны пакой, у якім сотні экспанатаў, што значыць! Таму зусім невыпадкова Пётр Курто на ўрачыстай лінейцы ўручыў ажно дзве Ганаровыя граматы райсавета: дырэктару школы Таццяне Астроўскай і галоўнай стваральніцы музейнага пакоя — настаўніцы Святлане Латыш.
«Будучыня пачынаецца сёння» — выставу пад такой назвай стварылі да Дня ведаў настаўнікі і вучні Навадруцкай базавай школы-сада. І гэта вельмі сімвалічна. Хочацца спадзявацца, што яна будзе і ў гэтай установы.
Фаіна Касаткіна