Вы любіце мёд? Я — вельмі! З дзяцінства. Пчалярствам займаўся мой дзядуля Юзаф, які жыў на маляўнічым хутары ў Мядзельскім раёне. І я, малая, любіла назіраць, як ён надзяваў белы саматканы льняны касцюм, спецыяльную маску і, перш чым ісці на пасеку, маліўся. Мяне да вулляў з сабой не браў, тлумачачы гэта тым, што пчолы любяць толькі гаспадара і цішыню. Распаліўшы дымар, падыходзіў да пчалінага доміка, акурваў яго і пачынаў аглядаць. Калі садзіўся адпачыць, шмат цікавага расказваў пра нястомных працаўніц: як яны на задніх ножках прыносяць пылок, у час медазбору — салодкі нектар з кветак, як будуюць жыццё ўнутры доміка, размяркоўваюць абавязкі.
Выпампоўваў мёд дзядуля тады, калі на сотах былі «крышачкі» — забрус. Завяршаючы работу, адпраўляў мяне ў найбліжэйшую вёску па дзяцей, каб тыя прыйшлі пачаставацца. Гэта быў абавязковы рытуал. На жаль, мне не перадаўся талент пчалярства, але маю нямала знаёмых, якія ім займаюцца. Пры сустрэчы яны любяць апавядаць пра нястомных крылатых руплівіц. Дзякуючы сяброўству з такімі людзьмі мёд на стале ў мяне круглы год.
На 5 верасня прыпадае ўспамін Святога Лаўрэнція, які лічыцца апекуном пчол і пчаляроў. У гэты дзень ксёндз-дэкан Павел Самсонаў, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, запрасіў вернікаў на святую Імшу і асвячэнне мёду. Маліліся за пчаляроў. На завяршэнне святар асвяціў плён сумеснай працы пчол і пчаляроў і прапанаваў прысутным пачаставацца. Парафіянка Ірына Лемянкова напякла смачных духмяных булачак з яблыкамі і карыцай. Ксёндз Павел частаваў бурштынавым мёдам з уласнай пасекі.
А заняцца пчалярствам яго падштурхнуў выпадак. У дунілавіцкай парафіі, дзе доўгі час працаваў да пераводу ў Паставы, кожную першую пятніцу месяца наведваў адзінокую старую жанчыну. Яна мела некалькі вулляў з пчоламі. І, адчуваючы свой адыход з гэтага свету, папрасіла ксяндза забраць іх сабе. Адмовіць не змог, таму быў вымушаны вучыцца новай для сябе справе. Урэшце захапіўся ёй. Цяпер мёдам з яго пасекі лечацца многія парафіяне.
На частаванні прысутнічалі і іншыя аматары пчалярства. Гэта Багдан Буйко і захрыстыянін Уладзімір Каравацкі. Ад іх можна было даведацца шмат новага пра мёд і пчол. Многія думаюць, што пчалярства — вельмі прыбытковая і лёгкая справа. А я, паслухаўшы пчаляроў, успомніла прымаўку: «Пчол трымаць — не ў халадку ляжаць». Людзям ёсць чаму павучыцца ў гэтых карысных насякомых: працавітасці, адказнасці, зладжанасці. Іх сумесная стваральная праца прыносіць непаўторную асалоду жыцця.
Наласаваўшыся прысмакамі, вернікі дзякавалі свайму пробашчу за салодкія хвіліны. А ксёндз Павел запэўніў, што свята мёду ў парафіі стане традыцыйным.
Анна Анішкевіч