На вуліцах Пастаў нярэдка можна сустрэць міліцыянераў з сабакамі, якія абыходзяць розныя будынкі. Няцяжка здагадацца, што гэта кінолагі групы затрымання Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. Адзін з іх — старшы сяржант міліцыі Яўгеній Ермакоў — нядаўна ўвайшоў у лік найлепшых кінолагаў падраздзяленняў аховы Віцебшчыны.
Служыць з сабакам Яўгеній не марыў. Пасля школы паступіў у Мінскі дзяржаўны прафліцэй №5 транспартнага будаўніцтва. Атрымаў дыплом метрабудаўца і некаторы час працаваў у падземцы, пакуль не ўручылі павестку з ваенкамата. Адслужыўшы тэрміновую, вярнуўся на Пастаўшчыну і ўладкаваўся ў мясцовае аддзяленне Дэпартамента аховы. Спачатку быў паставым міліцыянерам, нёс службу на падстанцыі «Бірвіта». Праз 4 месяцы назначылі на пасаду старшага групы затрымання. А затым камандзір аддзялення груп затрымання Аляксандр Буяльскі, убачыўшы, што Яўгеній любіць сабак, прапанаваў яму стаць кінолагам. Цяпер хлопец неразлучны са сваім чатырохногім сябрам — нямецкай аўчаркай Гневам, якому амаль два з паловай гады і якога выгадаваў з месячнага ўзросту.
— Выхаваць Гнева было няпроста, — расказваў малады міліцыянер. — Ён паказваў і працягвае паказваць характар. Трэба знаходзіць правільны падыход. Спачатку вучыўся гэтаму сам: нешта чытаў у інтэрнэце, нешта раілі знаёмыя і Аляксандр Пятровіч Буяльскі. Калі Гнеў падрос, паехалі з ім у вучэбны цэнтр у Гарані. За 4,5 месяца прайшлі агульны і спецыяльны курсы дрэсіроўкі. І зараз ён без праблем, хутка і дакладна выконвае ўсё, што павінен рабіць службовы сабака. Таксама навучаны спакойна рэагаваць на дзяцей — не баяцца і не кусаць іх, паколькі нам даводзіцца выязджаць на розныя паказальныя выступленні, у тым ліку ў школы.
Што да службы, то яна заключаецца ў ахове грамадскага парадку і недапушчэнні крадзяжоў з аб’ектаў, узятых пад ахову. Заступіўшы на змену, Яўгеній з Гневам на аўтамабілі патрулююць горад, правяраюць, як працуюць вартаўнікі, ажыццяўляюць фізічныя агляды будынкаў. Таксама выязджаюць на сігналы трывогі, сямейныя скандалы, у складзе следча-аператыўнай групы — на злачынствы. Дзякуючы таму, што Гнеў браў след, удавалася знайсці правапарушальнікаў і зладзеяў. А вось прымяняць сабаку на затрыманне не даводзілася: убачыўшы яго, зладзеі падпарадкоўваліся патрабаванням міліцыянера.
Месяц назад Яўгеній Ермакоў, Гнеў і вадзіцель іх экіпажа Віктар Краско ўдзельнічалі ў абласных спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве работнікаў падраздзяленняў аховы, дзе занялі 2-е месца ў эстафеце і 4-е — сярод кінолагаў. Цяпер наш зямляк мае намер паехаць на наступны год на «рэспубліку». Кажа, убачыў свае памылкі і што трэба падцягнуць. Ужо пабываў на 10-дзённых зборах у кіналагічным цэнтры ў Віцебску. Яны былі карысныя тым, што там паказвалі дадатковыя метады работы з сабакам, пра якія не ведаў, Гнеў успомніў навыкі выбаркі рэчаў, прайшоў новы курс дрэсіроўкі.
Яўгеній прызнаўся, што яму вельмі падабаецца яго работа і мяняць яе дакладна не збіраецца. Задаволена маладым кінолагам і кіраўніцтва Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Непасрэдны начальнік Аляксандр Буяльскі характарызуе яго як надзейнага, адказнага чалавека, які стараецца выдатна выконваць свае абавязкі.
Алена Шапавалава