1 верасня свае дзверы на Пастаўшчыне шырока расчынілі не толькі школы і гімназія, але і раённы цэнтр дзяцей і моладзі. І хоць усё лета тут працягвалі працаваць розныя студыі і творчыя майстэрні, у мінулую пятніцу афіцыйна пачаўся новы навучальны год. У РЦДМ адкрылася 17 аб’яднанняў па інтарэсах, у якія плануецца набраць больш за тысячу дзяцей і падлеткаў.
Побач з традыцыйнымі студыямі сучаснай харэаграфіі, эстраднай песні, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, турыстычным і шахматным клубамі з’явілася некалькі новых. Перш за ўсё гэта медыястудыя «PROнас», куды набіраюць навучэнцаў 9—11 класаў. Ім прапануюць прайсці курс фатаграфіі і відэаздымкі. Старшакласнікаў пазнаёмяць з настройкай камеры, навучаць ствараць відэаролікі, прафесійна апрацоўваць і прасоўваць фатаграфіі і відэакантэнт, а таксама браць інтэрв’ю і рабіць рэпартажы. Займацца са школьнікамі будзе інжынер відэамантажу тэлеканала «Паставы ТБ» Андрэй Мацур.
Пад медыястудыю ў РЦДМ абсталявалі асобны кабінет, які размясціўся ў былой выставачнай зале.
— Усе рамонтныя работы мы выконвалі ўласнымі сіламі і за ўласныя сродкі, уклаўшы больш за тысячу рублёў, — расказвала дырэктар установы дадатковай адукацыі Валянціна Ромель. — На выдзеленыя з абласнога бюджэту на развіццё дадатковай адукацыі 15 тысяч, акрамя карта для аб’яднання па інтарэсах «Аўтасвет», купілі прафесійны фотаапарат і прынтар. Збіраемся яшчэ набыць стабілізатар для відэакамеры, якая была куплена раней і якой студыйцы таксама могуць карыстацца. Да іх паслуг і камп’ютарны клас, дзе можна манціраваць відэа, сучасны тэлевізар і мультымедыйны праектар.
На днях у медыястудыі з’явіцца новая мэбля, зацвердзяць расклад заняткаў — і работа закіпіць. У цэнтры спадзяюцца, што іх рэпартажы ў далейшым будуць уключаць у эфір мясцовага тэлебачання.
Яшчэ адным новым аб’яднаннем па інтарэсах стаў фальклорны клуб «Лянок». У ім школьнікі будуць развіваць і дэманстраваць фальклорныя традыцыі Пастаўшчыны.
З іншых навінак у РЦДМ — вялізная грыфельная дошка на сцяне калідора другога паверха. Аналагічную кіраўніцтва ўстановы ўбачыла ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі і з энтузіязмам узялося ўвасабляць ідэю ў жыццё. Цяпер на перапынках паміж заняткамі навучэнцы замест таго, каб бегаць па калідорах, могуць падысці да дошкі, узяць рознакаляровую крэйду і парысаваць. Акрамя таго, летам каля РЦДМ за сродкі спонсарскай дапамогі абнавілі асфальтавую дарожку. Так што новы навучальны год тут сустрэлі з немалымі змяненнямі.
Ну а пачалі яго традыцыйна — з дня адчыненых дзвярэй, на які запрасілі дзяцей разам з бацькамі. Паказалі ім усё, чым можна заняцца ў цэнтры. У гэты панядзелак у рамках тыдня дадатковай адукацыі педагогі ўстановы адправіліся з агітацыйнай місіяй у школы. У адной з іх — першай гарадской — у сераду адбылося вялікае мерапрыемства па прадстаўленні ўсіх аб’яднанняў па інтарэсах. Для навучэнцаў правялі майстар-класы, раздалі рэкламныя лістоўкі. Іх можна ўбачыць і на розных будынках у горадзе. Актыўна рэкламуе сябе цэнтр таксама ў інтэрнэце. Дзякуючы такой маштабнай рабоце дзеці ахвотна запісваюцца ў аб’яднанні па інтарэсах.
Алена Шапавалава