Пастаўчанка Вераніка Крывічаніна — вельмі творчы чалавек. Дзяўчына цудоўна спявае, грае на фартэпіяна і балалайцы, умее вышываць крыжыкам і вяжа кручком прыгожыя мяккія цацкі.
Творчасць суправаджае Вераніку з самага нараджэння. Яна вырасла ў музыкальнай сям’і. Мама Святлана Пусько — настаўнік Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе баяна. Тата крыху грае на гармоніку. Таму дома нярэдка гучалі музыка і песні пад акампанемент гэтых інструментаў і фартэпіяна, якое таксама было ў кватэры. Не дзіўна, што і маленькая Вераніка стала праяўляць інтарэс да музыкі. Убачыўшы, што 5-гадовая дачка падыходзіць да фартэпіяна і перабірае клавішы, Святлана Аляксандраўна адвяла яе ў музычную школу да сваёй калегі — піяністкі Карыны Мейшутовіч.
Вучылася там дзяўчынка з задавальненнем, скончыўшы яшчэ і клас балалайкі ў настаўніцы Наталлі Бурак. А пасля 9 класаў агульнаадукацыйнай школы, паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж на спецыяльнасць «Інструментальнае выканальніцтва (фартэпіяна)». У каледжы пазнаёмілася з будучым мужам і, выйшаўшы замуж адразу пасля атрымання дыплома, адправілася ўслед за сваёй палавінкай настаўнічаць у Докшыцкую ДШМ. Пры гэтым прадоўжыла вучобу на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
Але не толькі музыка прысутнічала з дзяцінства ў жыцці нашай зямлячкі.
— Мама навучыла мяне, малую, вышываць крыжыкам, — расказвала яна. — Са сваімі работамі я нават удзельнічала ў розных конкурсах. Але ў нейкі момант вышыванне надакучыла, і мама прапанавала паспрабаваць вязаць кручком. Памятаю, як пад яе кіраўніцтвам вязала шалік. Гэты занятак падаўся мне такім сумным, што я зараклася: кручок больш ніколі не вазьму ў рукі!
Толькі ўсё атрымалася наадварот. Прыехаўшы ў 2015 годзе працаваць у Докшыцы, малады педагог стала думаць, чым заняцца ў вольны ад работы і сямейных клопатаў час. Вышываць не хацелася. Пачала рысаваць карціны па нумарах і хутка зразумела: жывапіс яе не зацягвае. І тады на прасторах інтэрнэта ўбачыла мяккія цацкі, звязаныя кручком. Адразу з’явілася жаданне зрабіць такія ж сваімі рукамі. Купіла ў магазіне ніткі, знайшла ў сусветным павуцінні схемы вязання цацак і стала тварыць.
— Першай работай быў зайчык, — успамінае Вераніка. — Вязала яго доўга, некалькі тыдняў, пакуль атрымаўся такі, як хацела. Гэтага зайчыка я па цяперашні час захоўваю дома, ён з’яўляецца маім талісманам.
Далей справа пайшла хутчэй. Вязанне настолькі захапіла дзяўчыну, што яна аддавала яму кожную вольную хвіліну, часта заседжвалася за любімым заняткам да самай раніцы. Неўзабаве пачала абыходзіцца без схем і побач з зайчыкамі, коцікамі, тыгранятамі і іншымі звяркамі ствараць папулярных у дзяцей герояў мультыплікацыйных фільмаў. Свае работы дарыла хрэснікам і пляменнікам, а фотаздымкі цацак змяшчала на асабістых старонках у «Інстаграме» і «Аднакласніках». Там яны адразу прыцягнулі ўвагу іншых інтэрнэт-карыстальнікаў і патанулі ў моры станоўчых каментарыяў. Да Веранікі сталі звяртацца сябры, знаёмыя і незнаёмыя людзі з просьбай звязаць іх дзецям аналагічныя цацкі.
— Я заўсёды падрабязна распытваю заказчыка, якога колеру, памеру павінен быць той ці іншы персанаж, ён павінен стаяць, сядзець або ляжаць, — гаварыла майстрыха. — Стараюся звязаць так, каб цацка выйшла прыгожай, і кожны раз хвалююся, ці спадабаецца яна дзіцяці. Бывае, аддам работу — а ў адказ цішыня, не зразумець, ці змагла дагадзіць. Але часцей за ўсё людзі тэлефануюць або пішуць і дзякуюць. Маўляў, атрымаўшы вашу цацку, дзіця было ў захапленні, цяпер гуляе толькі з ёй, не звяртаючы ўвагі на іншыя. Такія эмоцыі вельмі натхняюць на творчасць!
Нават знаходзячыся ў водпуску, Вераніка, якая цяпер жыве з мужам у Паставах (яна працуе намеснікам дырэктара мясцовай школы мастацтваў, ён узначальвае друкарню), не выпускае з рук ніткі і вязальны кручок. І калі на першым часе муж не разумеў апантанасці каханай, у прыватнасці вязання па начах, то зараз, параўноўваючы яе работы з цацкамі іншых майстроў, кажа: «Ты ў мяне такая малайчына, такая рукадзельніца!» І ад гэтых слоў на душы ў дзяўчыны становіцца вельмі цёпла.
Алена Шапавалава