Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася прэзентацыя кнігі ў тэхніцы абрэзкавага шыцця «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына», прысвечанай 85-годдзю вобласці. Удзел у яе стварэнні прымалі майстрыхі Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын» Тацяна Петух і Крысціна Брэская.
Старонкі кнігі — гэта абрэзкавыя маркі з выявай культурнай і духоўнай спадчыны, важных момантаў у гісторыі Віцебшчыны, знакавай архітэктуры і прыроды вобласці. Ідэя перанесці спецыяльныя знакі паштовай аплаты на тканіну належыць спецыялістам абласнога метадычнага цэнтра, якія паставілі мэтай захаваць такім чынам матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў, папулярызаваць традыцыйную культуру. Увасабляць яе ў жыццё даручылі народнаму клубу абрэзкавага шыцця «Рошва» Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, які актыўна працуе па розных праектах. Той у сваю чаргу прыцягнуў да работы майстроў амаль з усіх раёнаў вобласці.
— У красавіку нас сабралі на два дні ў Полацку, — расказвала Крысціна Брэская. — Пазнаёмілі з задумкай, раздалі павялічаныя карцінкі марак і матэрыялы для работы, правялі майстар-класы па тэхніцы абрэзкавага шыцця. Усяго было 26 карцінак. Кожны з нас сам выбіраў, што хоча адшываць. Я ўзяла марку, прысвечаную 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях, якая была выпушчана летась да гэтай даты. А для Таццяны Мікалаеўны, якая не змагла паехаць у Полацк, — па карціне яе любімага мастака Марка Шагала «Над Віцебскам».
На работу майстрам далі два з паловай месяцы. На першы погляд, часу шмат. Але працэс абсалютнага капіравання малюнка і перадачы пераходу колераў з дапамогай тканіны аказаўся вельмі няпростым і працаёмкім. Яшчэ складаней было зрабіць надпісы і розныя знакі. Тым не менш усё атрымалася і ўнікальная кніга з’явілася. На яе прэзентацыі аўтарам уручылі падзякі і невялікія падарункі.
Работу яшчэ адной майстрыхі «Старога млына», Вольгі Гукавай, уключылі ў абласную выставу «Гордасць за Беларусь», якая адкрылася ў рамках святкавання Дня народнага адзінства ў абласным краязнаўчым музеі і прысвечана дасягненням у галіне культуры, спорту, аховы здароўя прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў Віцебшчыны з моманту заснавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. На ёй прадстаўлены маляваны дыван Вольгі Мікалаеўны.
Акрамя таго, 12 верасня ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці распачала работу выстава творчай дзейнасці Пастаўскага Дома рамёстваў, які сёлета адзначыў сваё 25-годдзе. Там можна ўбачыць абсалютна ўсё, чым займаюцца нашы народныя ўмельцы. А ў самім Доме рамёстваў 13 верасня адкрылася выстава клуба «Рошва», якая апавядае пра слаўных людзей полацкай зямлі.
Алена Шапавалава
Фота даслала Таццяна Петух