Знаёмства
Юля вырасла ў Паставах у сям’і, у якой выхоўвалася сямёра дзяцей. Скончыла прафтэхкаледж па спецыяльнасці «Бухгалтар». Але працаваць накіравалі прадаўцом магазіна райспажыўтаварыства ў Варапаева. На першым часе яна штодня ездзіла туды і назад на прыгарадным цягніку.
Аднойчы па дарозе дадому ў яе мабільным тэлефоне высвеціўся невядомы нумар і незнаёмы хлопец запрасіў на спатканне. Гэта быў Коля Бадзігін. Калі ён убачыў у магазіне прыгожую маладзенькую прадаўшчыцу, затрапятала сэрца. Пазнаёміцца не рашыўся, але, калі Юля адсутнічала, папрасіў у яе калег нумар тэлефона.
— Мы пачалі сустракацца, — узгадвала Юля. — Я тады ўжо здымала кватэру ў адным канцы Варапаева, ажно пад Бараўкамі, а Коля жыў у другім — у раёне завода жалезабетонных вырабаў. Стаяла зіма, і ён, не зважаючы на снег і мароз, праз увесь пасёлак (а гэта 4 кіламетры) ледзьве не кожны вечар прыходзіў да мяне на спатканне. А ў чэрвені паклікаў замуж.
Вяселле згулялі ў жніўні. Спецыяльна выбіралі месяц, калі паспявае ўся агародніна, каб танней абышоўся святочны стол, паколькі абое былі абмежаваныя ў сродках. Юля нават не планавала набываць вясельную сукенку. Сяброўка ўгаварыла зайсці ў салон і хаця б прымераць убор. А калі апранула яго, зразумела, што толькі так чароўна павінна выглядаць на самай галоўнай сваёй урачыстасці. І ўзяла напракат. Вяселле было, як і належыць, з музыкай, тамадой, усімі традыцыямі.
Свякроў
Колева бабуля (яе ўжо няма ў жывых) спрабавала адгаварыць унука ад жаніцьбы, маўляў, зусім малады, навошта спяшацца, і невядома, якой жонкай будзе Юля: таксама ж маладзенькая, ды яшчэ з такой вялікай сям’і… Маці, Тамара Аляксандраўна, вырашыла: «Закахаўся — няхай жэніцца. Я ўмешвацца не буду». І ўсім сэрцам прыняла нявестку.
Жанчына заўсёды марыла пра дачку, а нарадзіла трох сыноў. «Нарэшце ў мяне з’явілася дачушка, — гаварыла яна Юлі, калі маладажоны пасяліліся ў яе двухпакаёвай кватэры (Колеў старэйшы брат на той час працаваў у Расіі, малодшы служыў у арміі — аўт.). — Ведала б ты, як мне адной няпроста было ўпраўляцца з трыма сынамі і як надакучыла кухня! Перадаю яе ў тваё ўладанне. Гатуй тут што хочаш. Перашкаджаць не буду».
— Свякроў у мяне цудоўная, — дзялілася Юля. — Яна стала для мяне другой мамай. Цалкам давярае нам, ва ўсім дапамагае. Ніколі не ўмешваецца ў нашы адносіны з Колем. У кастрычніку 2011 года я нарадзіла дачушку Сашу. Неўзабаве выпадкова даведалася, што Дунілавіцкаму дому-інтэрнату патрабуецца бухгалтар. А мне вельмі хацелася працаваць па спецыяльнасці. І мама (Юля толькі так называе свякроў — аўт.) згадзілася даглядаць чатырохмесячнае дзіця, а мяне адпусціла на работу. Акрамя таго, я завочна вучылася ў полацкім універсітэце.
У жніўні 2012 года Юлію назначылі галоўным бухгалтарам дома-інтэрната. А ў красавіку 2014-га яна нарадзіла сына Максіма. Напрыканцы таго ж года атрымала дыплом эканаміста. І зноў не затрымалася ў дэкрэтным водпуску — праз пяць месяцаў выйшла на работу. На руках свекрыві было ўжо двое дзетак. Шчасце, што яны раслі спакойнымі, тым не менш клопатаў хапала. Але ж любоў да малых была бязмежнай як у іх мамы з татам, так і ў бабулі.
Дом
Як бы добра ні было з мамай, але цеснавата — сям’я расла. Маладыя бацькі надумалі купіць дом. У Варапаеве іх прадаецца нямала. Перагледзелі многія, але падабраць такі, каб падабаўся, ніяк не маглі. Спыніліся на маленькім (40 квадратных метраў), непрыдатным для пражывання. Вельмі спадабалася месца яго размяшчэння: з двух бакоў лес, ускраіна пасёлка (а яны марылі пра вялікі прысядзібны ўчастак).
Вясной 2017-га пачалася грандыёзная будоўля. Мікалай амаль поўнасцю разабраў дом і прыбудову да яго — засталіся толькі чатыры сцяны. Паднялі іх пад’ёмнікам, залілі новы фундамент, прыбудавалі з двух бакоў сцены, накрылі дах. Дапамагалі Юлін бацька, сябры Колі. Сам ён кожны дзень пасля работы і ў выхадныя, пачынаючы з красавіка і па кастрычнік, пакуль цёпла на вуліцы, на працягу пяці гадоў заўсёды знаходзіўся на будоўлі. Шмат інфармацыі па пытаннях будаўніцтва браў з інтэрнэта, раіўся з сябрамі, знаёмымі. Стараўся як мага больш зрабіць сам, каб сэканоміць сродкі.
У лютым 2020-га ў Бадзігіных нарадзілася трэцяе дзіця — дачушка Ксенія, і яны як мнагадзетная сям’я змаглі ўзяць ільготны крэдыт на рэканструкцыю дома. Дзякуючы гэтаму будаўніцтва прыкметна паскорылася. Адначасова добраўпарадкоўвалі тэрыторыю: ачысцілі яе ад хмызняку, выкапалі сажалку і запусцілі туды рыбу. Глеба на ўчастку была пераўвільготненая, таму праклалі дрэнаж. Распрацавалі зямлю пад пасадку бульбы і іншай агародніны. Пасадзілі яблыні, грушы, вішні, персікі, абрыкосы, арэхі, вінаград, розныя ягадныя кусты. Хапіла месца на газон, высадзілі 50 туй, якія стварылі жывую агароджу.
Што да работы, то Юлія па-ранейшаму галоўны бухгалтар Дунілавіцкага дома-інтэрната, а Мікалай працуе там жа санітарам. Ён мае ўсе вадзіцельскія катэгорыі і падчас уборкі на МАЗе перавозіў зерне на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра». Лета — асабліва напружаная пара і для Юлі. Яна займаецца агародніцтвам, любіць збіраць грыбы і ягады, па розных рэцэптах робіць мноства нарыхтовак на зіму. Марыць нават дзяліцца сваімі сакрэтамі ў блогу, але пакуль не мае часу яго весці.
Дзеці
У кастрычніку 2021-га шчаслівыя навасёлы ўехалі ў прыгожы прасторны двухпавярховы дом. Не перадаць, колькі радасці прынесла гэта і бацькам, і дзецям. Як вы ўжо ведаеце, іх у Бадзігіных трое. Старэйшая, Саша, сёлета пайшла ў 6 клас. Пачатковую школу скончыла на «выдатна», у 5-м была адна васьмёрка, астатнія — дзявяткі і дзясяткі. Захапляецца танцамі, спевамі, валейболам. Дапамагае маме на кухні. Таксама адказвае за чысціню і парадак на другім паверсе дома, дзе размяшчаецца яе пакой і гульнявы.
Максім — чацвёртакласнік. Адзнакі ў яго дзённіку не ніжэйшыя за 7 балаў, займаецца валейболам. Асаблівую цікавасць праяўляе да татавай тэхнікі — легкавога аўтамабіля, трактара, матаблока, дрэваапрацоўчых станкоў. «Не сумняваюся, што Максім вырасце такім жа працавітым і майстравым, як тата, — казала Юлія. — У майго Колі тысяча ідэй, і за што ні возьмецца — зробіць».
Меншанькая, Ксенія, — усеагульная любіміца і гарэза. Ужо праяўляе характар: усё павінна быць так, як яна захоча. У спакоі толькі тады, калі пачынае ляпіць з пластыліну. А захапляецца лепкай дзяўчынка так, што пластылін бацькі купляюць ёй пачкамі.
P.s. Мяне вельмі ўразіла гэта маладая мнагадзетная сям’я, і я так шмат пра яе даведалася, што нават газетнай старонкі не хопіць, каб расказаць пра ўсё. Але пра планы — абавязкова. «Іх у нас шмат, — расказвалі Юлія і Мікалай. — Хочам пабудаваць лазню, зрабіць зону адпачынку, пракласці дарожкі па ўчастку, пасадзіць дэкаратыўныя кустарнікі, кветкі. Адным словам, працаваць, гадаваць дзяцей і радавацца жыццю».
Фаіна Касаткіна