У пастаўчан – «бронза»!
«Ніва» (Талачын)–ФСК «Паставы» – 1:7
У заключным матчы сезона пастаўчанам быў патрэбны толькі пераможны вынік. Тры рашаючыя матчы ў паўночным дывізіёне ў барацьбе за медалі пачаліся адначасова і трансліраваліся ў прамым эфіры. Падтрымаць нашых у Талачын прыехалі іх прыхільнікі. Наша каманда актыўна пачала найважнейшую гульню і ўжо на 5-й хвіліне намаганнямі нападаючага Андрэя Вілейты выйшла наперад — 0:1. Праўда, затым пастаўчане загулялі асцярожна, баючыся пры страце мяча прапусціць вострую контратаку. Такая тактыка сябе не апраўдала, бо праз чвэрць гадзіны барацьбы паўабаронца «Нівы» Мікіта Гарбенка аднавіў розніцу ў ліку — 1:1.
Акрыленыя талачынцы маглі развіць поспех, але ўпусцілі галявыя моманты. Галоўны трэнер ФСК «Паставы» даў каманду смела перайсці да актыўных дзеянняў. У выніку нашы напрыканцы першага тайма выдалі «вогненную» канцоўку. На працягу васьмі хвілін у вароты саперніка заляцелі тры прыгожыя галы. Спачатку пастаўчан наперад вывеў тэхнічны апорны паўабаронца Аляксандр Звяруга. Перад свістком на перапынак двойчы абаронцы талачынцаў капітулявалі пасля праходаў з мячом цэнтрфорварда Германа Чаляя — 1:4. Настрой у нашай каманды значна палепшыўся, бо ў паралельных матчах канкурэнты — аршанцы і сенненцы — сталі прайграваць сваім сапернікам.
У другой палове паядынку пастаўчане поўнасцю кантралявалі ход барацьбы, завалодалі вялікай гульнявой перавагай. На 51-й хвіліне Герман Чалей абыграў сваіх апекуноў, аддаў вывераную перадачу Рыгору Кабяку — 1:5. Вынік матча быў прадвырашаны, але ў канцоўцы Герман правёў свой трэці мяч, калі выйграў адзінаборства з галкіперам. Непрыемнасці сапернікаў на гэтым не скончыліся, бо яны зарабілі выдаленне, а затым забілі мяч ва ўласныя вароты — 1:7.
Буйной перамогі на выездзе дабіліся Бяляўцаў, Маршын (к), Голубеў, Рогач, Касенка (Давідоўскі), Звяруга, Камісарчук, Жылевіч (Мядзведзеў), Кабяк, Вілейта (М. Зелянкевіч), Чалей.
У актыве нашых стала 32 ачкі, гэта прынесла ФСК «Паставы» пасля 16-гадовага перапынку бронзавыя медалі ў чэмпіянаце Беларусі сярод клубаў 2-й лігі ў дывізіёне «Віцебскі». Званне чэмпіёна вобласці зноў дасталася віцебскаму «Газавіку», які на выездзе абыграў (0:4) ФСК «Орша». Усяго на 1 бал адстаў ад пераможцаў ФК «Міёры», які выйграў (0:2) у Сянно. Яшчэ дзве сустрэчы завяршыліся так: «Гарадскія львы» (Гарадок)— «Полацк-2019» — 3:0, ФК «Лепель»—ФК «Глыбокае» — 1:5. Услед за тройкай наймацнейшых фінішавалі аршанцы (30 ачкоў), сенненцы (28), талачынцы (24), гарадокцы (22). На 8-е месца падняліся глыбачане (14 ачкоў), якія абышлі палачан (12) і лепяльчан (7).
Вынікі сезона яшчэ падвядуць спецыялісты, а дзве найлепшыя каманды Прыдзвіння прадоўжаць барацьбу ў групавым раўндзе. Віцябчане трапілі ў групу D, а іх канкурэнтамі сталі «Крумкачы» (Мінск), НПЗ (Мазыр), ФК «Горкі». Міёрцы згуляюць у групе С супраць «Партызана» (Салігорск), Лясгаса (Гомель) і «Сервалюкса-агра» (Магілёў). Яны яшчэ пазмагаюцца і за Кубак рэгіёнаў Беларусі, таму запрасілі да сябе некалькіх пастаўчан для ўдзелу ў гэтым турніры.
Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя