У мінулую пятніцу па ўсёй рэспубліцы прайшлі першавераснёўскія лінейкі, якія сабралі ў школах, гімназіях, ліцэях і каледжах не толькі навучэнцаў, педагогаў і бацькоў, але і шматлікіх гасцей. На Пастаўшчыне ва ўстановы адукацыі адправіліся прадстаўнікі мясцовай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, ваеннаслужачыя, прафсаюзныя і маладзёжныя лідары. Старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік наведаў Камайскую сярэднюю школу.
Сёлета за парты камайскай школы селі 152 навучэнцы, у тым ліку 16 першакласнікаў. Прыгожа апранутыя, адны — вясёлыя і ўсмешлівыя, іншыя — сур’ёзныя, з кветкамі ў руках, яны выстраіліся перад іншымі пачаткоўцамі побач са сваёй настаўніцай Таццянай Каравацкай.
Вітаючы школьнікаў, дырэктар установы адукацыі Ірына Бедунько адзначыла, што з гэтага дня для першаклашак пачынаецца новы этап у жыцці. І пажадала, каб урокі былі нясумнымі, кнігі — цікавымі, а школьная дружба — моцнай. Калі 6-7-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі толькі ўваходзяць у краіну ведаў, то выпускнікі, наадварот, неўзабаве пакінуць яе. Ім Ірына Лявонаўна параіла за апошні вучэбны год вызначыцца з будучай прафесіяй і добра падрыхтавацца да экзаменаў, а таксама нагадала, што будучыня кожнага ў яго ўласных руках.
— У нашай краіне робіцца вельмі многае для дзяцей і моладзі, — гаварыў Сяргей Чэпік. — Жадаю ўсім паспяховай вучобы, вырасці годнымі людзьмі і выбраць прафесію, якая будзе падабацца і прыносіць карысць Радзіме. Удачы і мірнага неба над галавой!
У школу Сяргей Васільевіч прыехаў не з пустымі рукамі — у падарунак прывёз сертыфікат на 3 тысячы рублёў і камп’ютар, якія ўручыў дырэктару. Яшчэ адзін камп’ютар падарыла навучальнай установе ААТ «Камайскі-агра» — яго на лінейцы прадстаўлялі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Даніленка і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Юлія Селівёрстава. Калектыў гаспадаркі, акрамя таго, падрыхтаваў падарункі першакласнікам і навучэнцам агракласа. Першым — салодкія прысмакі і патрэбныя ў вучобе рэчы, другім — паездку 19 верасня ў Адукацыйны цэнтр бяспекі жыццядзейнасці ў Мінску.
Віншуючы дзяцей і педагогаў з пачаткам навучальнага года, госці, у ліку якіх былі старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Урбанайць і начальнік пагранпаста «Палессе» Уладзіслаў Шакола, жадалі навучэнцам выдатных ведаў, каб яны даваліся лёгка, а інтарэс да вучобы ніколі не згасаў, педагогам — моцнага здароўя і творчага натхнення. З віншаваннямі і пажаданнямі да ўсіх звярнуўся і былы дырэктар школы Генадзій Рамбальскі. Таццяна Каравацкая сваё слова на дарогу адрасавала першакласнікам, якія ў адказ паабяцалі ёй і іншым прысутным быць стараннымі і паслухмянымі.
На лінейцы самыя маленькія школьнікі па традыцыі атрымалі і падарунак ад Прэзідэнта — кнігу «Беларусь — наша Радзіма». Па ёй ва ўсёй рэспубліцы прайшоў першы ўрок ведаў. На яго навучэнцы і педагогі адправіліся пасля залівістага званка, які далі адзінаццацікласнік Кірыл Мітрафанаў і першакласніца Валерыя Глушнёва.
Алена Шапавалава