17 верасня наша краіна ў трэці раз будзе адзначаць Дзень народнага адзінства. Зацвярджэнне дзяржаўнага свята на такую дату — гэта не толькі пра 1939 год, уз’яднанне заходніх беларускіх зямель з БССР. Гэта і пра нас, сённяшніх, пра новы ўзровень беларускай дзяржаўнасці.
З гэтага нумара пад рубрыкай «У адзінстве — наша сіла» «ПК» прапануе ўвазе чытачоў шэраг публікацый, прысвечаных Дню народнага адзінства. Распачынаем яго матэрыялам пра Уладзіміра Магільніцкага — жыхара райцэнтра, чалавека крыштальнай сумленнасці, адданага сына Пастаўшчыны. На днях ён адзначыў сваё 80-годдзе. Біяграфія краіны — гэта і яго біяграфія.
— Мая родная вёска — Вайшкуны, — расказваў Уладзімір Яраслававіч. — Пры польскім часе мой дзед і бацькі жылі небагата, хаця і мелі паўвалокі зямлі. А калі ў 1945-м на фронце загінуў тата, маме прыйшлося асабліва цяжка. Яна была нястомнай працаўніцай і нас з сястрой з малых гадоў вучыла працавітасці і сумленнасці. Таксама марыла, каб мы выраслі адукаванымі людзьмі.
Пачатковую школу Валодзя скончыў у роднай вёсцы, сямігодку — у Рэдуце, што за 7 кіламетраў ад Вайшкун. Калі працягваў вучобу ў Лынтупскай СШ, яму давялося жыць і на прыватнай кватэры, і ў інтэрнаце. Успамінаў, як бедна было ў тыя, школьныя, гады, але, нягледзячы на гэта, дружна, весела, цікава, як стараліся дзеці вучыцца.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі Уладзімір год адпрацаваў у калгасе. «Потым мяне прызначылі загадчыкам вясковага клуба, — расказваў. — А праз паўгода — сакратаром камсамольскай арганізацыі саўгаса «Варапаева». Адтуль забралі ў райкам камсамола. З’яўляючыся інструктарам, увесь раён абышоў пехатой. Аднойчы, вяртаючыся з Жукоўшчыны (зараз яна належыць Шаркаўшчынскаму раёну), мяне падвезлі на кані да Казян, адкуль ішоў аўтобус на Паставы. Але я спазніўся на яго і дабіраўся пехатой. Па раскіслай ад дажджу дарозе, у кірзавых ботах. На кватэру прыйшоў каля дзвюх гадзін ночы. Боты змог зняць толькі пры дапамозе суседа па кватэры. А колькі было іншых складаных сітуацый!»
Назаўтра рэдактар райгазеты Павед Дзядзёнак, даведаўшыся пра Валодзеву прыгоду, падпісаў і падарыў яму двухтомнік «Хождение по мукам». Але яны, тагачасныя камсамольцы і камуністы, ніякія цяжкасці не ўспрымалі як пакуты, а цвёрда ішлі да мэты, інтарэсы дзяржавы ставілі вышэй за ўласныя.
У біяграфіі Уладзіміра Магільніцкага была і вучоба ў Белдзяржуніверсітэце, служба на Чарнаморскім флоце, партыйная работа, работа ў райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. І ўсюды ён праяўляў сябе з найлепшага боку. Акрамя мноства грамат не толькі раённага, але і абласнога ўзроўняў, камандавання Чарнаморскага флоту, удастоены ордэна «Знак Пашаны». «Мэтанакіраваны, харызматычны, патрабавальны, дыпламатычны, — адзываюцца пра Уладзіміра Яраслававіча яго былыя калегі. — Умеў арганізаваць і згуртаваць людзей».
А сам ветэран працы разважае: «Толькі ў адзінстве — сіла сям’і, калектыву, краіны. Калі людзі будуць з разуменнем ставіцца адно да другога, даражыць сваім родам, краінай, то і поспехаў магчыма дасягнуць». І ўзгадвае словы з песні, якую выконвае папулярны беларускі артыст Анатоль Ярмоленка: «Розных людзей сустракаў у жыцці —// Добрых усё-такі болей».
На такіх людзях і трымаецца зямля. А Дзень народнага адзінства нагадвае нам, хто мы і адкуль, усяляе гонар за нашых продкаў, якія праз усе выпрабаванні пранеслі ўсведамленне таго, што беларускі народ адзіны, самадастатковы, непаўторны. Даражыць сваімі каранямі і Уладзімір Магільніцкі. Ён нават кніжку напісаў пра родныя Вайшкуны. Яна чатыры разы перавыдавалася тыражом па 100 экзэмпляраў. Усе яны разышліся, а попыт на кніжку яшчэ ёсць. Тым часам Уладзімір Яраслававіч рыхтуе да друку яшчэ адно выданне — па краязнаўстве роднай Лынтупшчыны.
— Акрамя таго, люблю працаваць у агародзе, ездзіць на рыбалку, збіраць грыбы, — расказваў юбіляр. — Кожны дзень — абавязковая хадзьба. Мая норма — да 10 кіламетраў. Звычайна маршрут пралягае з мікрараёна вуліцы Юбілейнай, дзе наша з жонкай кватэра, да шостага гарадка і назад. Уцеха для душы — адзіная дачка Наташа, унукі Мікіта і Каця, праўнук Міша. У іх — наша будучыня.
Шмат прыемных хвілін перажыў Уладзімір Яраслававіч, калі яго віншавалі з юбілеем ва ўрачыстай абстаноўцы ў райвыканкаме, адрасавалі цёплыя словы, гаварылі пра працоўныя і грамадскія заслугі. А дома, за святочным сталом з былымі калегамі, якія назаўсёды засталіся сябрамі, шмат успаміналі час сваёй актыўнай дзейнасці, радаваліся, што і зараз яны разам і верныя сваім ідэалам.
Фаіна Касаткіна