Схіляе каласы «амелія». Так называецца сорт азімай пшаніцы, якая ў ААТ «Камайскі-агра» займае 1 650 гектараў. У мінулыя выхадныя тут пачалі яе ўборку. У нядзелю да дажджу паспелі абмалаціць са 176 гектараў.
З першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім і галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Аксанай Касяковай едзем у поле за Шкіралямі. Землі тут малаконтурныя. Па адным з участкаў павольна рухаецца новенькі камбайн «Палессе». За штурвалам — Іван Яркоўскі. Іван Часлававіч — чалавек у сельскай гаспадарцы вопытны. Яму давяраюць найбольш адказныя работы, усюды спраўляецца выдатна. 11 сезонаў убіраў зерневыя на «Палессі». Калі два гады таму гаспадарка атрымала чатыры новыя камбайны, адзін з іх прапаноўвалі Часлававічу. Той адмовіўся на карысць старэйшага сына Аляксея. Потым на два сезоны «выпаў» са жніва. А сёлета кіраўніцтва ўгаварыла Івана Яркоўскага сесці на больш удасканаленае «Палессе». Прыгнаў камбайн з Глыбокага. Па дарозе слухаў работу матора, ацэньваў зручнасць кабіны. Цяпер адаптуе да работы.
— Камбайн сучаснага тэхнічнага ўзроўню, павышанай камфортнасці, нескладаны ў кіраванні, — расказваў механізатар. — Я ўгаворваў сына памяняцца, але Лёша адмовіўся.
Пакуль намалотамі Яркоўскі-старэйшы пахваліцца не можа: ён толькі выехаў у поле. Затое іншыя ўжо, як кажуць, адчулі смак, бо ўбралі 400 гектараў азімага ячменю, амаль 800 — азімага рапсу. На рахунку Мікалая Махоня 300 тон рапсу і больш за 500 тон зерневых, ва Уладзіміра Карыцькі — 270 тон рапсу, 450 — зерневых, Генадзія Юрэвіча — 174 і 400 тон, а ў Ігара Кузьміча — 216 і 370 тон адпаведна. Па колькасці намалочанага зерня камайцы лідзіруюць сярод камбайнераў раёна.
На адвозцы рупяцца вадзіцелі Міхаіл Шылько, Павел Кеўліч, Сяргей Бедунько, Цімафей Пушкароў, Яўгеній Мілта, Валерый Кірплюк, Казімір Чапскі, Віктар Тамашэвіч.
Кіпіць работа на зернесушыльным комплексе. Аператары Анатолій Кундра, Юрый Вербіловіч і Дзмітрый Косараў ужо прасушылі 1 000 тон рапсу і амаль 2 000 тон збожжа.
На другім участку каля Шкіралёў пшаніцу ўбіраў Аляксей Яркоўскі. Ён пацвярджае словы бацькі, што ад новага камбайна адмовіўся, бо задаволены сваім «Палессем», на якім працуе трэці сезон.
— Яркоўскія — залатыя хлебаробы, — гаварыла Аксана Касякова. — Прыклад ва ўсім для сыноў — бацька. Аляксей і Дзмітрый на яго раўняюцца. Ні ад аднаго з іх я не чула: «Не хачу, не буду!» За што б ні ўзяліся, выканаюць добрасумленна. Папацець на жніве прыходзіцца, але ж хлеба без поту не бывае.
Пакідаем пшанічнае поле. Ззаду за камбайнамі чародамі шпацыруюць буслы. На зжатыя палеткі заязджаюць трактары з прэс-падборшчыкамі і фарміруюць акуратныя цюкі саломы. Яе аператыўна звозяць да месца складзіравання.
Кожнае жніво не падобнае да папярэдняга. Сёлета планы на ўраджай аграрыям перакрэсліла засуха. Тым не менш у «Камайскім-агра» нядрэнна ўрадзіў азімы ячмень: сярэдняя ўраджайнасць склала 41,9 цэнтнера з гектара. Восенню пасевы пад гэту культуру плануюць павялічыць да 550 гектараў. Ужо вядзецца ворыва пад сяўбу.
Анна Анішкевіч