У Доме рамёстваў – кветкавы рай. Яго стварылі работы з фоамірану і палімернай гліны Таццяны Урбшас з Мядзела і карціны, напісаныя мастачкай Ядвігай Сянько з Маладзечна.
Пра Ядвігу Сянько нямала чула і чытала, бачыла ў сацыяльных сетках яе работы. Гэта ў асноўным іконы, якія знаходзяцца як у праваслаўных, так і ў каталіцкіх храмах не толькі Беларусі. На іх напісанне мастачку ў свой час благаславіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт. Некалькі гадоў таму ў пастаўчан была магчымасць пазнаёміцца з творчасцю таленавітай мастачкі падчас выставы яе ікон у раённым краязнаўчым музеі.
У католікаў найбольш вядомыя 16 копій цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, напісаных Ядвігай. Яны пабывалі ў многіх парафіях нашай краіны, а таксама у Вострай Браме ў Вільнюсе і санктуарыі на Яснай гары ў Чанстахове (Польшча). 28 чэрвеня на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане іх благаславіў Папа Рымскі Францішак. Усяго мастачка напісала звыш 2 000 ікон.
На гэты раз у Паставах экспануюцца яе карціны на кветкавую тэму. Я зайшла ў залу Дома рамёстваў — і не магла адвесці вачэй ад сціплых рамонкаў, прывабных васількоў, мілага бэзу, махровых півоняў, пяшчотных лілей, шыкоўных руж, чырвоных гронак рабіны і глінянага збана, які нагадаў дзяцінства. За акном ішоў моцны дождж, неба засланіла чорная хмара, а ад карцін зыходзіла незвычайнае святло і цяпло.
— Выстава планавая, — расказвала дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух. — Гэтых двух майстроў яшчэ ў мінулым годзе мне парэкамендавала мая калега — загадчыца Браслаўскага музея традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч. Выстава разлічана на шырокае кола наведвальнікаў. Ну каго не захапляюць кветкі? Прадстаўлены ў асноўным рэалістычны жывапіс. Карціны напісаны яркімі, сакавітымі фарбамі. Работы Ядвігі знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Расіі, Арменіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, ЗША і іншых краінах.
Засталася я ў захапленні і ад карцін на рэлігійную тэму, якіх на выставе было няшмат.
Таццяна Урбшас — майстар керамічнай фларыстыкі, а таксама стварае кветкі з фоамірану. Унікальныя вырабы з гэтага матэрыялу вызначаюцца эстэтыкай і рэалізмам. Напрыклад, кветкі з яго цяжка адрозніць ад жывых. На выставе вы ўбачыце прыгожыя архідэі, акуратныя пралескі, аб’ёмныя півоні.
Карпатлівы занятак — вырабы з палімернай гліны. У нашым раёне ім займаюцца адзінкі. Таму варта палюбавацца незвычайнымі творамі майстра з Мядзельшчыны.
Работы Ядвігі Сянько і Таццяны Урбшас падарожнічаюць па Беларусі не першы год і пабывалі ў многіх куточках сінявокай. Наступным прыпынкам выставы стане Глыбокае. А пакуль на працягу жніўня атрымаць асалоду ад прыгажосці маюць магчымасць пастаўчане. Калі якая работа спадабаецца, то яе можна будзе набыць для сябе або ў падарунак.
Анна Анішкевіч