Заходні куток Паазер’я — Пастаўшчына — мае сваю непаўторнасць і песенную культуру. Багатая музычная спадчына краю вызначаецца існаваннем старадаўніх музычных традыцый, да якіх сёння назіраецца павышаная цікавасць.
У гісторыі беларускага народа фальклор быў адзінай формай мастацкай творчасці, і галоўнае месца ў ім займала народная песня, якая выконвалася звычайна без інструментальнага суправаджэння. Песня давала тэмы, настрой, а часта і сюжэт хараводам і танцам, ажыўляла характэрнымі інтанацыямі інструментальныя найгрышы. У ёй, як ні ў якім іншым жанры айчыннага фальклору, знайшлі сваё ўвасабленне вольналюбівы характар беларусаў, іх працоўная дзейнасць, сацыяльныя, сямейныя і дашлюбныя ўзаемаадносіны. У шматлікіх песнях мінулага таксама паэтызуецца навакольная прырода.
Сярод фальклорных гуртоў раёна, у выкананні якіх найбольш поўна адлюстроўваецца традыцыйная культура Пастаўшчыны, асабліва вылучаецца народны гурт аўтэнтычнай песні з вёскі Андроны Курапольскага сельсавета, які быў створаны ў 1986 годзе. У чэрвені 2007-га за высокае выканальніцкае майстэрства, развіццё нацыянальных культурных традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць рашэннем калегii Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь яму было прысвоена ганаровае званне «Народны аматарскi калектыў».
Шмат гадоў кіраўніком гурта была Ніна Фёдараўна Буйла. Пасля яе смерці ў 2020-м гэту пасаду заняла былы выхавальнік дзіцячага сада Андронаўскай яслі-сад—базавай школы Алена Шымковіч, якая спявала ў калектыве. На прапанову ўзначаліць яго згадзілася, калі закрылася ўстанова, у якой працавала. Цяперашняя работа Алене Мікалаеўне знаёмая, таму што яна не адзін год з’яўлялася яшчэ і музычным кіраўніком у садку: складала сцэнарыі, развучвала з дзецьмі песні, рыхтавала святочныя ранішнікі.
Так павялося, што традыцыйныя спевы ў гурце засвойваюцца «з голасу», калі малодшае пакаленне спевакоў назірае за старэйшымі, вучыцца ў іх і паступова далучаецца да выканання. Носьбітамі і аматарамі народнай песні, мясцовых звычаяў і абрадаў, размоўнага і гульнёвага фальклору з’яўляюцца жанчыны старэйшага ўзросту: Наталля Сяргееўна Павініч, Аляксандра Серафімаўна Маслоўская і Ганна Вікенцьеўна Бароўка. Актыўныя ўдзельніцы гурта — Наталля Болт, сёстры Лідзія Счасная і Жанна Мацкевіч. Выдатныя спявачкі, яны дапамагаюць захоўваць і развіваць народныя традыцыі.
«Наша песня патрэбна людзям», — гэтыя словы гучаць як дэвіз андронаўскіх артыстаў. Яны і зараз падтрымліваюць моладзь, якая прыйшла ў калектыў. Самая маладая і актыўная ў гурце — Таццяна Рубцова. Яна не толькі спявае, але і піша вершы, якія друкуюцца на старонках «Пастаўскага краю». Вялікі ўклад у захаванне рэцэптаў страў нацыянальнай кухні ўносіць яшчэ адна ўдзельніца калектыву — загадчыца мясцовай бібліятэкі Алена Дарожка. Колькі цудоўных старадаўніх страў яна прыгатавала на мясцовыя і раённыя святы! Калектыў — пастаянны ўдзельнік раённых аглядаў аматарскай творчасці і такіх свят, як Масленіца, Купалле, традыцыйных восеньскіх і веснавых кірмашоў. Таксама актыўна прымае ўдзел у аглядзе-конкурсе сельскіх падворкаў, які праводзіцца на Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».
Аўдыя- і відэазапісы андронаўскіх песень захоўваюцца ў фальклорным архіве Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. Звесткі пра гэты цікавы калектыў унесены ў гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Пастаўскі раён». Навукоўцы і студэнты, якія займаюцца вывучэннем народнай спадчыны, — частыя госці ў Андронах.
З кожным годам становіцца ўсё менш носьбітаў самой традыцыі — людзей старэйшага ўзросту. Разам з імі знікаюць шматлікія абрады і звычаі, народныя песні, танцы, інструментальныя творы. Таму мы павіны рабіць усё магчымае для захавання, развіцця ў новых умовах і перадачы нашчадкам лепшых здабыткаў народнай культуры. Узноўленыя абрад, звычай, народная песня даюць магчымасць больш поўна адчуць унікальнасць традыцыйнай культуры Пастаўшчыны. Яна не толькі найбагацейшы скарб, створаны шматлікімі пакаленнямі, але і падмурак развіцця як прафесійнага, так і аматарскага мастацтва.
Святлана Марозава, вядучы спецыяліст Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна