Старательному хозяину и неравнодушному человеку — Юрию Шимчику — исполнилось 55 лет

Общество

У мінулую сераду дырэктару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку споўнілася 55 гадоў. Перад ранішняй нарадай яго павіншавалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч, спецыялісты гаспадаркі.

Старательному хозяину и неравнодушному человеку — Юрию Шимчику — исполнилось 55 лет

Вучыўся ў папярэдніка

Юбіляр — ураджэнец Гро­дзеншчыны. У далёкім 1990-м прыехаў у Навасёлкі пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума. Пачынаў памочнікам брыгадзіра. Трапіў у каманду вопытных агранома, інжынера, заатэхніка. Пад кіраўніцтвам умелага гаспадарніка Алега Валодзькі рабіў першыя крокі ў будучыню. Прыглядаўся да метадаў работы славутага старшыні, пераймаў у яго самае каштоўнае: прадбачлівасць, ініцыятыў­насць, добразычлівыя адносіны да людзей.

Ішоў час, Юрый Шымчык завочна скончыў Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут. У 2004 годзе стаў аграномам-хімікам, у 2009-м яго назначылі намеснікам старшыні гаспадаркі, а праз год — старшынёй. Пачы­наць было няпроста: замяніўшы на пасадзе вядомага не толькі ў раёне, але і ва ўсёй Беларусі старшыню, трэба было ўтрымліваць высока ўзнятую ім планку.

Давер апраўдаў

Мінула 14 гадоў з таго часу, як Юрый Францішкавіч узначаліў гаспадарку. Ён прадаўжае добрыя традыцыі, закладзеныя яго папярэднікам, прымнажае здабыткі сельгаспрадпрыемства. Вялікую ўвагу надае будаўніцтву: уведзена ў эксплуатацыю рабатызаваная ферма, капітальна адрамантаваны дамы ў Коўзанах, 12 сямей справілі наваселле ў сучасным электрадоме ў Навасёлках. Аграгарадок — адзін з найпрыгажэйшых на Пастаўшчыне. У вяскоўцаў ёсць магчымасць адзначаць памятныя даты ў мясцовым утульным кафэ. На футбольным полі са штучным пакрыццём дзеці актыўна займаюцца спортам. У нашым, а таксама Браслаўскім раёнах адкрыты 9 фірменных магазінаў, у якіх не толькі  рэалізуецца прадукцыя ўласнай вытворчасці ААТ «Навасёлкі-Лучай», але і багаты асартымент іншых тавараў.

Пастаянна абнаўляецца ма­шынна-трактарны парк гаспадаркі, укараняюцца перадавыя тэхналогіі вырошчвання зерневых і зернебабовых, утрымання жывёлы. І ўсё ж асновай поспеху дырэктар лі­чыць чалавечы фактар: без майстэрства чалавека дасяг­нуць жаданага выніку немагчыма. Таму кіраўнік гаспадаркі памятае і падтрымлівае ветэранаў, з вялікай пашанай адносіцца да сваіх работнікаў, вядзе з імі дыялог у полі, на ферме, дзе часта бывае. А калектыў ААТ «Навасёлкі-Лучай» — гэта сплаў вопыту і маладосці. Людзі маюць тут камфортнае жыллё, годную заработную плату. І за клопат пра іх не толькі шчыра працуюць, але і ўкладваюць душу ў працу.

Тэмпаў не зніжаюць

Па выніках работы за мінулы год калектыў ААТ «Навасёлкі-Лучай» занесены на абласную Дошку гонару. На высокім узроўні развіцця тут знаходзіцца як раслінаводства, так і жывёлагадоўля. Прааналізаваўшы работу гэтай моцнай шматпрофільнай гаспадаркі, разумееш, што ёй кіруе высакакласны спецыяліст, прафесіянал, які добра ведае сельскагаспадарчую вытвор­часць, валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Ва ўсім тут адчуваецца рука гаспадара.

На сельгаспрадпрыемстве не зніжаюць тэмпаў і сёлета. Вытворчасць малака за першае паўгоддзе склала 7 342 тоны, што складае да ўзроўню мінулага года 103,9%, вытворчасць мяса — 734 тоны. Атрымана прадукцыі на 15 814 тысяч рублёў, у разліку на аднаго работніка — 44,2 тысячы. Чысты прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі — 3 239 тысяч рублёў.

За шматгадовую добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе і асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці раёна Юрыю Шымчыку ў 2015 годзе было прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны». Сярод узнагарод — Ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Падзяка Прэм’ер-міністра краіны. Летась Юрый Францішкавіч з рук Прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі атрымаў медаль «За працоўныя заслугі». А людзі цэняць свайго кіраўніка не толькі за дасягненні, але і за любоў да зямлі, абранай справы, чалавечнасць.

Юрый Шымчык прадаўжае добрыя традыцыі, закладзеныя яго папярэднікам, прымнажае здабыткі гаспадаркі.

Пра людзей Юрый Шымчык клапоціцца не толькі як кіраўнік гаспадаркі, але і як дэпутат раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў. З вялікай увагай адносіцца да сваіх выбаршчыкаў і іх зваротаў, імкнецца дапамагчы ў вырашэнні любой праблемы. Падчас работы сесій унікае ва ўсе пытанні, якія выносяцца на абмеркаванне.

Юрый Шымчык — сапраўдны гаспадар. Тым не менш пастаянна вучыцца, спасцігае новае, эксперыментуе. Ён добры сем’янін, клапатлівы бацька ­дзвюх дачок, надзейны сябар.

…У гэтыя дні ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» набліжаецца да завяршэння жніво, прадаўжаецца нарыхтоўка кармоў. На парадку дня — сяўба азімых. Карацей, расслабляцца не прыходзіцца. І ва ўсім тэмп задае дырэктар. Плёну вам, Юрый Францішкавіч, і сіл для ажыццяўлення задуманага і дасягнення новых поспехаў!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.