Уборка вырашчанага ўраджаю, бадай, самы адказны перыяд для земляробаў. Ад таго, наколькі рупліва яны папрацуюць і як паспрыяе работам надвор’е, залежаць канчатковыя вынікі гаспадарання на палях. Восенню іх падводзяць у гаспадарках, раёнах, вобласці і ўшаноўваюць найлепшых.
Летась кіраўніцтва Віцебскай вобласці змяніла фармат «Дажынак», і яны праводзіліся ў два этапы. Першы ладзіўся ў Глыбокім і супаў з Днём народнага адзінства, таму святкаванне мела асабліва шырокі размах. Другі прымеркавалі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Урачыстасць прайшла ў канцэртнай зале «Віцебск». Двухэтапнасць святкавання выклікана тым, што наша вобласць самая паўночная ў краіне, уборачныя работы тут завяршаюцца значна пазней, чым у іншых рэгіёнах, і ўзнагароджанне пераможцаў праводзілася ў некамфортных умовах надвор’я.
Сёлета аграрыяў вобласці таксама будуць ушаноўваць у два этапы. Шаркаўшчына стане 15-м па ліку райцэнтрам, які прыме першы этап маштабнага свята. Другі, як і летась, адбудзецца ў канцэртнай зале «Віцебск» напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
У Шаркаўшчыне святочныя мерапрыемствы пройдуць 29—30 верасня. У самых прыгожых і зручных месцах гарпасёлка разгорнуцца гандлёвыя, інтэрактыўныя, творчыя святочныя пляцоўкі. Галоўную сцэну, на якой адбудуцца канцэрты з удзелам творчых калектываў вобласці і вядомых артыстаў беларускай эстрады, установяць ля будынка раённага Цэнтра культуры.
А пакуль у райцэнтры працягваюцца падрыхтоўчыя работы. Тут рамантуюць будынкі, устанаўліваюць малыя архітэктурныя формы, амалоджваюць паркі і скверы, укладваюць асфальт, плітку, бардзюры. У ліку знакавых аб’ектаў, якія абнаўляюцца да фестывалю-кірмашу, — СШ №1. Завяршаецца капітальны рамонт навучальнай установы і добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі.
Парадуемся за суседзяў і памарым, каб абласное свята зноў завітала і да нас (яно было ў Паставах у 2006 годзе). Праўда, на найбліжэйшую перспектыву разлічваць не прыходзіцца: у 2024-м яно запланавана ў Бешанковічах, у 2025-м — у Чашніках.
Фаіна Касаткіна