Летась на Пастаўшчыне больш за 30 камбайнераў і столькі ж вадзіцеляў сталі тысячнікамі. Важкіх вынікаў ва ўмовах сёлетняга жніва дабіцца складаней. Аднак старанне, адказнасць і адданасць зямлі даюць свой плён.
Спрыяе тэмпам і намалотам сонечнае надвор’е, якое ўсталявалася апошнім часам. Хлебаробы многіх гаспадарак яшчэ ўбіраюць азімую пшаніцу. Яна ўрадзіла нядрэнна. Вось і папаўняюцца рады тысячнікаў. Удзельнікі ўборачнай у полі з раніцы да позняга вечара, не марнуюць ні хвіліны.
У пятніцу віншаванні прымалі вадзіцелі ААТ «Навасёлкі-Лучай» Ігар Савуць і Сяргей Варашкевіч. Яны якраз збіраліся выязджаць з майстэрняў на поле каля Вайцяхоў. А Аляксандр Мацур быў ужо ў дарозе. Дыплом яму перадалі праз калег.
Леташняга адзінага ў раёне камбайнера-двухтысячніка Віктара Рогава знайшла на пшанічным полі каля Сакалоў. Сёлета такога намалоту ўжо дабіўся больш вопытны Генадзій Анкудовіч. На новым камбайне ён лёгка размяняў трэцюю тысячу тон.
Калі ў Навасёлках за камбайнамі клубіўся пыл, то ў ААТ «Камайскі-агра» жніво прыпыніў дождж. Камбайнер Ігар Кузьміч быў у майстэрнях дварчанскага аддзялення, дапамагаў калегу ў рамонце трактара і чакаў каманды зноў выехаць у поле.
А вось вадзіцель-тысячнік гэтай гаспадаркі Сяргей Бедунько, пакуль абсыхала збажына, падвозіў зялёныя кармы на жывёлагадоўчую ферму. На Камайшчыну Сяргея амаль 30 гадоў таму прывяло каханне. Сам ён з Верхнядзвінскага раёна. У маладосці працаваў у Наваполацку на заводзе. Там пазнаёміўся з дзяўчынай з Камай, тады і прыехалі жыць на яе радзіму.
У панядзелак да ліку навасёлкаўскіх тысячнікаў далучыліся камбайнеры Леанід Сініца і Артур Вартазаран, вадзіцель Генадзій Літвіновіч. На пяць тысячнікаў стала больш у ААТ «Хацілы-агра». Гэты рубеж перакрылі камбайнеры Мікалай Чашун, Андрэй Волк, Мікалай Пабядзінскі, а таксама механізатары на адвозцы збожжа Міхаіл Машара і Мечыслаў Яморскі.
Усім тысячнікам было прыемна прымаць віншаванні ад прадстаўнікоў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК. Васілій Катовіч уручыў лідарам дыпломы, грашовыя прэміі, майкі і наклейкі з лічбай «1 000».
Набліжаюцца да запаветнага рубяжа і іншыя хлебаробы.
Анна Анішкевіч