Поставчанин Анатолий Недведь начал учиться играть на саксофоне в 47 лет

Главное Общество

Мары збываюцца ў любым узросце. Безумоўна, не самі па сабе, а калі прыкласці намаганні. У гэтым пераканаўся пастаўчанін Анатолій Недзведзь.

Ён вырас у сям’і, у якой любілі музыку. «Бацькі купілі радыёлу і пастаянна круцілі на ёй пласцінкі, — расказваў мужчына. — Прычым у таты былі адны любімыя песні, у мамы — іншыя. Яна заўсёды пад музыку шыла, вышывала, гатавала, прыбірала. І сама добра грала на баяне».

Зразумела, бацькам хацелася, каб іх адзіны сын таксама авалодаў інструментам. Планавалі аддаць у музычную школу, але ў яго самога такога жадання не было. А калі вучыўся ўжо ў 10 класе, прыкмеціў, як сябар, хораша граючы на гітары, прыцягвае да сябе ўвагу дзяўчат. Пазайздросціў і вырашыў, што таксама навучыцца граць. Першыя чатыры акорды яму паказаў сусед Андрэй Жук…

Поставчанин Анатолий Недведь начал учиться играть на саксофоне в 47 лет

— Самыя шчаслівыя — студэнцкія гады, — успамінаў Анатолій. — Я вучыўся ў Мінскім політэхнічным інстытуце, заўсёды ўдзельнічаў у КВЗ, мастацкай самадзейнасці, бо любіў спяваць. У інтэрнаце ледзь не ў кожным пакоі была гітара. Там я і навучыўся граць на ёй, хаця свайго інструмента не меў. Купіў гітару намнога пазней.

Пасля заканчэння інстытута Анатолій служыў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, пазней — у Пастаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Беларусі. У абодвух калектывах актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Выйшаўшы ў адстаўку, уладкаваўся ў Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства.

— У мяне з’явілася больш вольнага часу, і я вырашыў навучыцца ігры на саксафоне (гітару перарос!). Паабяцаў дапамагчы вялікі аматар і знаўца музыкі, таленавіты педагог Леанід Косаў. Аднак трэба было купіць інструмент, які каштуе нямала, — працягваў суразмоўца. — Жонка адгаворвала, маўляў, толькі грошы патраціш, і будзе саксафон ляжаць без патрэбы.

Тым не менш інструмент ён купіў і ў 47 гадоў, не ведаючы нотнай граматы, пачаў хадзіць на заняткі да апантанага музыканта, вопытнага настаўніка Леаніда Косава. Шмат займаўся дома, калі не было жонкі і абодвух сыноў, каб не выпрабоўваць іх цярпенне. І ўрэшце дамогся свайго — авалодаў і нотнай граматай, і саксафонам. Якіх намаганняў гэта каштавала, могуць зразумець толькі музыканты.

Мінулым летам Анатолій Уладзіміравіч удзельнічаў у турыстычным злёце, які праходзіў у Азёрках. Яго ігрой на саксафоне зацікавіўся адзін з удзельнікаў народнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Скіфы» і запрасіў у калектыў. Кіраўнік ансамбля Віктар Верацельнікаў цёпла прыняў і падтрымаў новага выканаўцу. Упершыню Анатолій Недз­ведзь саліраваў на саксафоне на сцэне РДК у Паставах у лістападзе мінулага года. Сёлета выязджаў у складзе ансамбля ў Бягомль, Ваўкавыск, Глыбокае, Маладзечна, Вілейку, Докшыцы. Акрамя таго, удзельнічае ў музычным клубе PRO PIANO (ёсць у Паставах і такі).

— Увага гледачоў натхняе? — пытаюся.

— Калі б гэта было гадоў 30 назад, можа, і вырасла б на галаве карона, — смяецца Анатолій. — А ў цяперашнім узросце гэта не істотна. Я цалкам пагружаюся ў музыку. Саксафон — унікальны інструмент: яго гукі немагчыма паўтарыць ні на адным іншым. Ён плача пра тое, што не збылося, пяшчотна гаворыць пра каханне, сумуе ў адзіноце або заклікае да страсці. Гэта музыка рамантыкі, кахання, веры, надзеі. Люблю выконваць як настальгічныя мелодыі, так і запальныя — джаз, рок. І атрымліваю ад гэтага асалоду.

Зразумела, што саксафаністу-пачаткоўцу свой талент яшчэ шліфаваць і шліфаваць. Але дасягаць мэты ён умее.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.