Посмотрите, какой помидор вырос на грядке Ирины Полоник из Постав

Общество

Ах, як хутка пралятае лета! Здаецца, зусім нядаўна мы радаваліся першаму цяплу, высаджвалі ў парнікі выпеставаную расаду памідораў, перцаў, агуркоў, пазней сеялі насенне ў адкрыты грунт, а ўжо і ўборку ўраджаю распачынаем.

З-за працяглай адсутнасці дажджоў сёлета ён даўся асабліва нялёгка. Але хіба агароднікі пасуюць перад цяжкасцямі? Баляць рукі і ногі, не разагнуць спіну, трапечацца сэрца, а мы ўсё роўна — у цяпліцы ды на градкі! І не з-за таго, што не можам купіць агародніну ў магазіне ці на рынку. Можам, бо яе хапае, і цэны даступныя. Але ж сваё ёсць сваё!

На такі роздум мяне падштурхнуў фотаздымак, які прыйшоў на рэдакцыйную электронную пошту. Бачыце вагу памідора? 1 кілаграм 175 грамаў! Тэлефаную па ўказаным пад здымкам нумары і знаёмлюся з адрасатам. Ірына Палонік жыве па вуліцы Меліярацыйнай у Паставах, працуе ў адной з аграсядзіб Мядзельшчыны. Прысядзібны ўчастак ля дома невялікі, але ра­зам з мужам і дваімі дзецьмі-школьнікамі вырошчвае на ім розную агародніну.

Посмотрите, какой помидор вырос на грядке Ирины Полоник из Постав

«Асабліва люблю памідоры, — дзялілася Ірына Іосіфаўна. — Да 80 каліў высаджвала, сёлета — крыху менш. Штогод раблю шмат нарыхтовак». «Хацелася б сфатаграфаваць гаспадыню з «веліканам», — прапаную. Адмаўляецца. «Ды мы яго ўжо і з’елі, — кажа, — вельмі мясісты, амаль без семак, смачны. Гатунак — «легенда Коктебеля». Вырошчваю таксама сарты «джекпот», «ваше благородие», «малиновая империя», «скворец», «полосатый шоколад» і іншыя».

Ну што ж, «легендой Коктебеля» і распачынаем традыцыйную рубрыку «Велікан на градцы». Спадзяёмся, як і ў папярэднія гады, вы, паважаныя чытачы «Пастаўскага краю», актыўна паўдзельнічаеце ў яе напаўненні. Дасылайце здымкі на электронны адрас рэдакцыі, прыходзьце да нас асабіста або запрашайце да сябе карэспандэнтаў.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.