Праязджаю па многіх гарадскіх вуліцах, і не верыцца, што рухацца па іх стала камфортна. Успомніце, напрыклад, дарогу да рынку па вуліцы Кастрычніцкай або Гагарына, ад перакрыжавання з Чырвонаармейскай да Пастаўскага мясакамбіната. Шмат нараканняў выклікаў рух па ўчастку вуліцы 17 Верасня ад раёна газазабеспячэння да СШ №3. Цяпер тут, як кажуць, хоць каціся.
На працягу вясны і лета людзей у спецадзенні аранжавага колеру і дарожную тэхніку можна сустрэць у розных куточках райцэнтра і на сельскіх дарогах. Яны вядуць ямачны рамонт пакрыцця, грэйдзіраванне гравіек. А на найбольш праблемных участках работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» паклалі новы асфальт.
На мінулым тыдні новае асфальтавае пакрыццё з’явілася на пляцоўцы каля магазіна «Юбілейны», каля дома №11 у бок дзіцячага сада і на з’ездзе да дома №4 у мікрараёне Юбілейнай. Абнавілася і Ленінская — ад плошчы Леніна да скрыжавання вуліц Камунальнай і П. Марозава. І цяпер, кожны дзень ідучы на работу, ёй любуюся.
— Заказчык рамонту гарадскіх вуліц — УП ЖКГ, — расказваў майстар ДРБУ-132 Дзмітрый Смятанка. — Згодна з планам гэтага прадпрыемства і вядзём работы. Спачатку механізатар Іосіф Вырвіч фрэзай вызначае ўчастак, дзе трэба пакласці асфальт. Некаторыя ўчасткі прафілюем, раўняем.
Вадзіцелі МАЗаў Генадзій Курто, Алег Касцень і іншыя дастаўляюць з асфальтабетоннага завода з Боцьвінаў асфальт. Яго загружаюць ва ўкладчык Сяргея Сабіранава. Калі той размяркуе масу па дарозе, машыністы Іосіф Вырвіч і Сяргей Галяк каткамі дасканала яе ўкатваюць. Таўшчыня пакрыцця — да 5 сантыметраў. Каб добра ўкатаць, робяць па 5-6 заходаў.
Рабочы Андрэй Канчанін уручную раўняе стыкі. Яму дапамагаюць Павел Гінявец, Грыгорый Раманчык і іншыя.
Брыгада майстра Аляксандра Кейзіка правяла бягучы рамонт і «апранула» ў асфальт участак дарогі ад Асінагарадка да Парыжа. Спецыяльнай сумессю гравію з эмульсіяй пакрыла дарогу ад аграгарадка Дунілавічы да Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Неўзабаве там таксама пакладуць асфальт.
Працаваць сёлетняй спёкай дарожнікам было няпроста. Тым не менш яны робяць усё для таго, каб рух аўтатранспарту па дарогах быў максімальна камфортным.
Каменціруе сенатар:
Уладзімір Мацвееў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд»
Калі выязджаю ў раёны і вяду прыём грамадзян, нямала нараканняў бывае адносна стану дарог. У склад КУП «Віцебскаблдарбуд» уваходзяць 24 філіялы. Працягласць дарог — 15 012,9 кіламетра, з іх 11 771,3 км маюць цвёрдае пакрыццё.
Трэці год у рэспубліцы рэалізуюцца мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады. На бягучы ўзгоднены ўчасткі дарог працягласцю больш за 274 кіламетры, дзе будзе праведзены рамонт. На гэтыя мэты выдзелена 43,3 мільёна рублёў: 8,9 мільёна з абласнога бюджэту, 27,4 млн — сродкі субвенцый з рэспубліканскага бюджэту, 7,1 млн — з рэспубліканскага дарожнага фонду. На рэканструкцыю дарожных збудаванняў, у прыватнасці 6 мастоў, плануецца затраціць 11,2 мільёна рублёў з абласнога бюджэту. На ўтрыманне дарог і дарожных збудаванняў у бягучым годзе з яго ўжо выдзелена 25,9 мільёна рублёў.
Работы вядуцца ў кожным раёне. Не выключэнне і Пастаўскі. Тут запланаваны рамонт больш чым 20 кіламетраў. Ён абыдзецца ў 2,4 мільёна рублёў. На ўтрыманне дарог выдзелена паўтара мільёна рублёў.
У першым паўгоддзі заасфальтаваны ўчасткі дарог з Пастаў на Полава, з Хаціл на Сіўцы, з Куртаў на Кураполле, з Асінагарадка на Парыж, дарогі праз вёскі Балаі, Целякі, Сіўцы. Адноўлена гравійнае пакрыццё ў бок Цешалава. У другім паўгоддзі асноўныя работы будуць весціся на Лынтупшчыне, а таксама на ўчастках дарог Юнькі—Варапаева, Стары Двор—Варапаева.
Філіял «Пастаўскае ДРБУ-132» — гэта сплаў вопыту і маладосці, бясспрэчны лідар у вобласці. Яго работнікі — высокакваліфікаваныя спецыялісты, многія валодаюць сумежнымі прафесіямі. Яны забяспечваюць не толькі надзейнасць дарожнага палатна ў населеных пунктах Пастаўшчыны, але і шмат робяць па добраўпарадкаванні горада, вытворчых і сацыяльных аб’ектаў раёна, аказваюць шэфскую дапамогу сельгаспрадпрыемствам. Кіруе пастаўскімі дарожнікамі аўтарытэтны, мэтанакіраваны, патрабавальны, адказны, кампетэнтны ва ўсіх пытаннях і вопытны Станіслаў Рагіня. Таму пастаўленыя перад калектывам задачы выконваюць паспяхова.
Анна Анішкевіч