«Банк» збожжа. Так можна назваць філіял «Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Сюды з пачатку жніва з усіх гаспадарак раёна бесперапынным патокам цячэ зерне новага ўраджаю, дзе яно дапрацоўваецца да патрэбнай кандыцыі і захоўваецца.
Як толькі прыходзіць машына са збожжам, майстар філіяла Яна Татарчук спецыяльным шчупам адбірае ў некалькіх месцах кузава пробы.
— Мы праводзім аналіз зерня на колер, пах, заражанасць шкоднікамі, утрыманне розных прымесей, — расказвала майстар. — Вызначаем натуральную вагу, вільготнасць. Яна ў дажджлівыя дні даходзіла да 26%. А каб збожжа надзейна захоўвалася, паказчык павінен быць 13%. Дасушваннем збожжа займаецца сушыльны майстар Ілья Мычко. Сёлета філіял аказваў гаспадаркам таксама паслугу па сушцы рапсу.
Прайшоўшы хуткі агляд, грузавік са збожжам адпраўляецца на вагі, затым разгружаецца і зноў узважваецца. Зерне сартуецца па культурах, на харчовае, фуражнае. Да якой катэгорыі яго аднесці, залежыць ад утрымання клейкавіны. Найвышэйшая яна ў пшаніцы, вырашчанай у ААТ «Хацілы-агра» і «Навасёлкі-Лучай», — 26%. Такое збожжа запатрабавана на прадпрыемствах па выпечцы хлеба, бо якасць хлебабаулачных вырабаў залежыць менавіта ад утрымання глютэну: чым яго больш, тым лепш.
Згодна з планам, гаспадаркі Пастаўшчыны павінны паставіць у лік дзяржзаказу 6 500 тон збожжа. ААТ «Хацілы-агра», «Ярэва-агра», «Сцяг Перамогі-агра» з дзяржзаказам ужо разлічыліся. Зерне адпраўлена на Мінскі і Полацкі камбінаты хлебапрадуктаў. Пастаўка прадаўжаецца.
Вырасціць і ўбраць збожжа з палёў — першачарговая задача аграрыяў, а захаваць яго — задача калектыву філіяла «Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства». Нягледзячы на не вельмі спрыяльны год, і першыя, і другія ўпэўнена ідуць да мэты.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара