Лета і пачатак восені — гэта не толькі сезон збору ягад і грыбоў, але і час, калі ў лясах губляюцца тыя, хто адпраўляецца за дарамі прыроды. Кожны год у сродках масавай інфармацыі з’яўляюцца паведамленні пра тое, што хтосьці з іх не вярнуўся своечасова дадому. Знайсці такіх асоб жывымі і здаровымі супрацоўнікам міліцыі, МНС і валанцёрам удаецца не заўсёды. Вось і сёлета прадстаўнікам экстранных службаў не раз даводзілася выязджаць на пошукі ягаднікаў і грыбнікоў, якія прапалі ў лесе. На Пастаўшчыне шукаць іх у гэтым сезоне пакуль не даводзілася. Але выпадак, калі чалавеку спатрэбілася дапамога, быў.
У пачатку ліпеня пажылая жыхарка 5 гарадка адправілася ў лясны масіў за мікрараёнам праверыць, ці пайшлі ўжо грыбы, і заблудзілася. На шчасце, пры сабе жанчына мела мабільны тэлефон. Набраўшы нумар 102, яна паведаміла, што не можа выйсці з лесу. У раён яе знаходжання выбыла следча-аператыўная група, прадстаўнікі якой на месцы ўключылі сірэну на службовым аўтамабілі. Яна, а таксама воклікі міліцыянераў дапамаглі пенсіянерцы сарыентавацца і выбрацца на дарогу.
Як не заблудзіцца і не згінуць у лесе? Вось што раіць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Яўгеній Малікаў:
— Адпраўляючыся ў лес, абавязкова папярэдзьце родных, знаёмых, суседзяў, куды менавіта вы ідзяце і калі плануеце вярнуцца дадому. Апраніце яркае адзенне і вазьміце з сабой компас, запалкі і свісток, а таксама яду, ваду і лякарствы, якія звычайна прымаеце. Праверце, ці добра зараджаны мабільны тэлефон, і папоўніце яго баланс. Заходзячы ў лес, звярніце ўвагу на тое, якія буйныя арыенціры: рака, дарога, чыгуначная станцыя, лінія электраперадачы і г.д. — знаходзяцца паблізу.
Часта, зразумеўшы, што згубіліся, людзі пачынаюць успамінаць народныя парады і вызначаць напрамкі бакоў свету па моху на дрэвах, мурашніках і інш., а потым перамяшчаюцца згодна са сваімі высновамі. Гэта можа толькі пагоршыць сітуацыю. Калі мабільны тэлефон зараджаны і ёсць сетка, тэлефануйце ў службы выратавання і міліцыю. Няма магчымасці выклікаць дапамогу — знайдзіце арыенціры, дзякуючы якім можна выбрацца з гушчару. Вам дапамогуць лінія электраперадачы, рака. Рухайцеся на шум аўтамабіляў. Калі арыенцір знойдзены, трымайцеся яго і нікуды не збочвайце. І яшчэ: ніколі не пераходзьце вадаём: ручай, раку і тым больш балота. Пры наступленні цемры варта задумацца пра начлег. Зрабіце з галін сховішча накшталт шалаша і падсцілку з падручных матэрыялаў. Па магчымасці раскладзіце вогнішча.
Паважаныя грамадзяне! Паклапаціцеся пра сябе і сваіх блізкіх, абмяжуйце паходы ў лес пажылых родных. Не губляйцеся і беражыце адно аднаго!
Алена Шапавалава