Да моцнага гулу ў небе верталётаў і самалётаў жыхары раёна прывычныя. У дзяцінстве з захапленнем назіраў, як рэгулярна манеўравалі над воблакамі гэтыя машыны. Кожную вясну на маёй малой радзіме палеткі апрацоўвалі аднаматорныя «кукурузнікі». Бываючы ў райцэнтры, неаднаразова бачыў, як ішла на пасадку ў наш былы аэрапорт «малая» авіяцыя.
Першы ў Беларусі аэрапорт быў адкрыты ў Мінску ў святочны дзень — 7 лістапада 1933 года. У пасляваенны час грамадзянская авіяцыя ў БССР развівалася імкліва. За кароткі перыяд у беларускай сталіцы з’явілася звыш 70 мясцовых авіяліній, даляцець можна было ў 64 райцэнтры рэспублікі. Авіябілеты каштавалі даволі танна. Напрыклад, прыляцець з Мінска ў Докшыцы можна было ўсяго за 3 рублі. Самы дарагі знешні авіярэйс «Мінск—Баку» абыходзіўся ў 42 рублі. Білет на самалёт з Пастаў да сталічнага аэрапорта быў даражэйшы за білет на аўтобус або на цягнік, аднак час палёту займаў усяго 50 хвілін, а не амаль 6 гадзін, калі б прыйшлося дабірацца на аўтобусе.
Менавіта гэтай акалічнасцю і было абумоўлена хуткае развіццё «малой» авіяцыі і яе запатрабаванасць у грамадства. Да таго ж у глыбінцы якасных асфальтаваных дарог практычна не было — у асноўным грунтавыя і брукаваныя. Хуткасць руху аўтобусаў не перавышала 30-40 км за гадзіну, ды і салоны былі малаўмяшчальныя. Што да авіяцыі, то і яна асаблівай камфортнасцю не вызначалася. Пастаўчан абслугоўвалі пераважна транспартна-грузавыя біпланы Ан-2 на 10-12 пасадачных месцаў, зрэдку — двухматорныя самалёты большай умяшчальнасці, але садзіліся такія машыны па ўзгадненні на ваенным аэрадроме.
Цяпер у гэта цяжка паверыць, але ў мінулым з Пастаў можна было даляцець на самалёце да Варапаева, а далей (з пасадкай у Глыбокім, Падсвіллі) — да абласнога цэнтра. Жыхары Браслава і Міёр таксама мелі магчымасць лятаць у сталіцу. Існаваў і авіярэйс «Чашнікі—Лепель». У свабодным продажы авіябілеты былі не заўсёды, але іх можна было заказваць папярэдне. Двойчы на год у рэспубліканскіх газетах змяшчаліся расклады палётаў на зімова-вясенні і летне-асенні авіясезоны. Апошні пачынаўся 15 мая.
Беларусаў па паветры перавозілі ў той час 10 айчынных авіяатрадаў. У нашай вобласці найбольш папулярныя былі тры маршруты: «Мінск—Полацк», «Мінск—Віцебск» і «Мінск—Паставы». Летам, у гадзіны пік, у наш горад самалёты пускалі нават двойчы за суткі, бо білеты прадаваліся з магчымай пасадкай у курортным пасёлку Нарач. Але здаралася, рэйсы адмянялі, калі білеты на іх набывалі ўсяго 1-2 чалавекі.
Я ўпершыню ажыццявіў папулярны лозунг «Лятайце самалётамі Аэрафлота!» у 1973 годзе: спатрэбілася везці дакументы для паступлення ў сталічны ўніверсітэт. Памятаю, як хваляваўся тады. А дыспетчар аэрапорта паведаміў, што рэйс на Мінск затрымліваецца з-за непагоды. Гэта мяне вельмі засмуціла. Шэсць пакутлівых гадзін чакання падаліся бясконцымі.
Нягледзячы на стомленасць, паветраныя ямы, у якія час ад часу трапляў самалёт, першы палёт запомніўся. З вышыні любаваўся шыкоўнай панарамай сталіцы перад пасадкай.
У 1987 годзе пастаўскі і полацкі аэрапорты закрылі, а на два гады раней тое ж здарылася і ў Гомелі, Бабруйску і Пінску. Самалёты ў Глыбокае, Браслаў і Астравец перасталі лятаць у 1983 годзе.
Спроба аднавіць «малы» авіярух у пачатку 90-х не ўвянчалася поспехам. Апошні раз на Ан-2 з Пастаў у Мінск я лятаў летам 1992 года. Сёння авіяцыю поўнасцю замянілі «маршруткі»: менш чым тры гадзіны — і ты ў Мінску.
Уладзімір Шык
Фота з адкрытых крыніц