Святы па месцы жыхарства на Пастаўшчыне даўно сталі традыцыйнымі. Яны прыходзяць у вялікія і маленькія вёскі, на асобныя вуліцы і ў раёны горада. На працягу многіх гадоў на зыходзе лета ладзіцца свята ў мікрараёне 6 гарадка, які калісьці быў ваенным. Сёлета яно супала з Днём ваенна-паветраных сіл, які адзначаўся якраз у нядзелю, 20 жніўня, і прайшло пад знакам 70-гадовага юбілею мікрараёна.
Гісторыя гарадка вядзе адлік з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1951-м тут пачалося будаўніцтва ваеннага аэрадрома, а праз два гады — першых шматкватэрных жылых дамоў для ваеннаслужачых, якія да гэтага кватаравалі на хутарах мясцовых жыхароў у полі каля возера. Узводзіў дамы, спраектаваныя ваеннымі архітэктарамі, 44-ы асобны будаўнічы батальён. Яго прадстаўнікі размяшчаліся ў палатках у сасонніку. Не намнога лепшымі былі і ўмовы пражывання тых, хто засяліўся ў першыя шматпавярхоўкі і фінскія дамы. Тады ў кватэрах туліліся па некалькі сем’яў. Жылі ў цеснаце, але вельмі дружна і весела. У сасонніку круцілі кіно, там жа размяшчаліся дзіцячая і танцавальная пляцоўкі.
Пра гэта ўзгадала прысутным, якіх, як заўсёды, сабралася нямала, вядучая свята Таццяна Кухальская. А таксама заўважыла, што сёння гарадок зусім не той, што быў гадоў 30-40 назад. І галоўнае адрозненне ў тым, што цяпер ён цывільны. Змоўк надакучлівы гул самалётаў, не чуваць у размовах жыхароў ваеннай тэрміналогіі. Разам з тым пасля расфарміравання ў пачатку 1990-х гадоў лётнага палка тут засталося нямала сем’яў ваеннаслужачых, а замест тых, што з’ехалі, засяліліся новыя жыльцы. Для іх у апошнія гады пабудаваны новыя шматпавярховыя дамы і дзіцячы сад. Не змянілася толькі традыцыя сустракацца ў сасонніку, на беразе возера Задзеўскае, у Дзень ваенна-паветраных сіл. І яна жыве ў людзях, якія з года ў год прыходзяць на свята мікрараёна і сваімі лёсамі пішуць яго гісторыю.
З ліку такіх адны з найстарэйшых жыхароў 6 гарадка Кацярына Хільчанка, Леакадзія Пушкар, Тэрэса Жук і Зоя Бозрыкава. Працавітыя і сціплыя, не прывыкшыя да публічнасці, яны аказаліся ў цэнтры ўвагі, па просьбе вядучай крыху расказалі пра сябе. Былі ўшанаваны на свяце і сем’і-юбіляры: Іван і Любоў Гунько, якія сёлета адзначылі 55 гадоў сумеснага жыцця, Аляксандр і Валянціна Расляковы, Браніслаў і Ганна Дукі, чыім сямейным саюзам 50 гадоў, Мікалай і Людміла Дагадзіны, якія заключылі шлюб 40 гадоў назад. Многія з іх у гэтым годзе адзначаюць таксама юбілейныя дні нараджэння. Круглая дата, 70 гадоў, і ў Аляксандра Бежануцы, амаль усё жыццё якога прайшло ў 6 гарадку і доўгі час было звязана з авіяцыяй. Выйшаўшы да сцэны разам з жонкай Наталляй, ён павіншаваў сваіх калег-авіятараў са святам і, як і іншыя юбіляры, падзяліўся з прысутнымі сакрэтам сямейнага шчасця.
Дзякуючы актыўнаму будаўніцтву жылля ў апошнія гады насельніцтва мікрараёна істотна памаладзела. У новыя 5-павярхоўкі засялілася шмат маладых сем’яў з маленькімі дзецьмі, у тым ліку нямала шматдзетных. Адны з іх — Дзмітрый і Ганна Хоценцавы, якія ў свае 30 гадоў выхоўваюць чацвярых дзяцей: трох сыноў і дачушку. Некаторыя сем’і, як, напрыклад, Павел і Лізавета Шкорнікі, шчасце бацькоўства спазналі зусім нядаўна. Сыночак Шкорнікаў Міша з’явіўся на свет 7 жніўня і стаў самым маладым жыхаром мікрараёна. Пад апладысменты прысутных загадчыца аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч уручыла шчаслівым бацькам пасведчанне аб яго нараджэнні.
Ну і, канешне ж, не абышлося свята без парада дзіцячых калясак і музычных віншаванняў. Апошнія падарылі Вольга Балотнікава, салісты народнай эстраднай групы “25 плюс-мінус” Пётр Кароль, Аляксей Конанаў і Ганна Казлоўская, узорнай вакальнай студыі “Юніта”, выхаванцы дзіцячага сада №6. Сваім майстэрствам парадавалі ўдзельнікі ўзорнай цыркавой студыі “Каскад”. На мерапрыемстве падвялі вынікі спаборніцтваў па дартсе і конкурсу дзіцячага малюнка “Мой 6-ы гарадок”, якія праходзілі на працягу дня, і ўзнагародзілі іх пераможцаў. Па традыцыі святочную праграму дапоўніла выступленне работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Спачатку яны прапанавалі дзецям адчуць сябе ратаўнікамі, прымераўшы баявое адзенне і пасядзеўшы за рулём пажарнай машыны, а затым арганізавалі летні “душ” з пажарных рукавоў.
На гэтым свята не скончылася. Жыхароў мікрараёна чакалі канцэрт групы “25 плюс-мінус” і дыскатэка. Так што музыка і песні гучалі ў сасонніку да позняга вечара.
Больше фото в ОК и ВК
Алена Шапавалава. Фота аўтара