На днях у рэдакцыю «ПК» патэлефанавала жыхарка вуліцы Савецкай у райцэнтры Ірына Нецвятай. Яе цікавіла, як будзе далей выкарыстоўвацца будынак былога магазіна «Родны кут» каля паліклінікі УАЗ «Пастаўская ЦРБ». У прыватнасці, ці адкрыецца там новая крама.
— Гэты магазін быў практычна адзіным вялікім гандлёвым аб’ектам у нашым мікрараёне, дзе можна было набыць розныя прадукты харчавання, — гаварыла жанчына. — Яго паслугамі карысталіся не толькі мы, жыхары Савецкай і прылеглых да яе вуліц. У «Родны кут» прыязджалі па пакупкі іншыя пастаўчане і жыхары размешчаных паблізу вёсак. Нярэдка заглядвалі туды і госці з-за мяжы, якія наведвалі Пастаўшчыну.
Па словах Ірыны Васільеўны, пасля закрыцця магазіна — а гэта адбылося 1 чэрвеня бягучага года — для многіх насельнікаў мікрараёна ўзнікла праблема з пакупкай прадуктаў. Бліжэйшыя гандлёвыя крамы — «Посадник», «Хит» і «Копеечка», размешчаная на перасячэнні вуліц Кляра і Гагарына. Але асартымент тавараў у іх меншы за той, што быў у «Родным куце». Ды і дабрацца ў тую ж «Копеечку» можа не кожны жыхар Савецкай, паколькі там шмат пажылых людзей, а асабісты транспарт ёсць далёка не ва ўсіх.
Ведаем, што далейшы лёс будынка магазіна непакоіць многіх пастаўчан, а не толькі тых, хто пражывае ў названым мікрараёне. Таму вырашылі апублікаваць атрыманы ў Пастаўскім філіяле Віцебскага аблспажыўтаварыства (яму належыць магазін «Родны кут») адказ на старонках райгазеты. Вось што там паведамілі:
— Прычынай закрыцця магазіна стала яго нерэнтабельная ў апошні час работа. У сувязі з гэтым у маі мы вымушаны былі правесці аўкцыён на права заключэння дагавора арэнды нерухомай маёмасці, размешчанай па адрасе: г. Паставы, вул. Савецкая, 77, а менавіта — магазіна «Універсам №24 «Родны кут». Таргі выйграла ЗАТ «Дабраном». І ўжо 31 мая кіраўніцтва філіяла падпісала з ім акт прыёму-перадачы капітальнага будынка. У пачатку кастрычніка «Дабраном» плануе адкрыць новы гандлёвы аб’ект сваёй сеткі. Які канкрэтна гэта будзе магазін, пакуль дакладна невядома.
Падрыхтавала Алена Шапавалава