Бывший председатель суда Поставского района Анатолий Корытко ушёл в отставку

Безопасность

Прынцыповасць, сумленнасць, непрадузятасць. І любоў — да сваёй краіны, прафесіі, людзей, інтарэсы якіх ставяцца вышэй за ўласныя. Усе гэтыя якасці ўласцівыя былому старшыні суда Пастаўскага раёна Анатолію Карытку, які 36 гадоў аддана служыў Фемідзе. У аўторак у райвыканкаме адбылася ўрачыстая цырымонія яго праводзін у адстаўку і прадстаўлення на пасаду новага старшыні суда.

Мерапрыемства прайшло з удзелам кіраўніцтва Віцебскага абласнога суда, мясцовай адміністрацыі, сілавых структур, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, грамадскіх аб’яднанняў, а таксама старшынь судоў Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў, суддзяў у адстаўцы, калег Анатолія Віктаравіча і яго родных.

Урачыстую цырымонію адкрыў старшыня абласнога суда Аляксандр Федзюкевіч. Ён зачытаў вытрымку з Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 2023 года №243, якім Анатолій Карытка вызвалены ад пасады старшыні суда і суддзі суда Пастаўскага раёна, а яго пераемнікам, суддзёй бестэрмінова назначана Наталля Жукава.

Бывший председатель суда Поставского района Анатолий Корытко ушёл в отставку

— За гады сваёй працы Анатолій Віктаравіч зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку: прынцыповы, сумленны, прыстойны, выдатна ведае дзеючае заканадаўства і правільна ім кіруецца, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод калег і суддзяў Віцебскай вобласці, — характарызаваў падначаленага Аляксандр Іосіфавіч. — Да таго ж настойлівы, ініцыятыўны, яму ўласціва высокае пачуццё абавязку. Добра вядомы і яго ўзважаны падыход да кадравай палітыкі. Таму, калі ён вырашыў выйсці ў адстаўку і парэкамендаваў на сваё месца кандыдатуру Наталлі Фёдараўны, мы прыслухаліся. У выбары не сумняваемся.

На варту правасуддзя і справядлівасці Анатолій Карытка заступіў у 1987 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Правазнаўства». За выключэннем пяці месяцаў работы старшым дзяржаўным натарыусам у Лепелі, уся яго працоўная біяграфія звязана з нашым раёнам. Па размеркаванні пачынаў стажорам суддзі Пастаўскага раёна. Амаль два гады быў суддзёй названай установы, а ў красавіку 1991-га ўзначаліў яе і пяць кадэнцый з’яўляўся старшынёй суда. Мае І кваліфікацыйны клас.

За высокія дасягненні і заслугі ва ўмацаванні законнасці Анатолій Віктаравіч узнагароджаны нагруднымі знакамі Міністэрства юстыцыі Беларусі «За адзнаку» ІІ ступені і «Ганаровы работнік юстыцыі Беларусі», медалём «За працоўныя заслугі». У 2009 годзе яго фотаздымак быў занесены на Дошку гонару ведамства, у 2021-м — абласнога суда. Адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Суда Беларусі і граматай упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

У аўторак у скарбонку ўзнагарод Анатолія Карыткі прыбавілася грамата абласнога суда, якую разам з пасведчаннем суддзі ў адстаўцы яму ўручыў Аляксандр Федзюкевіч, а таксама грамата райвыканкама. Яе са словамі падзякі за плённую сумесную працу прымаў ад Сяргея Чэпіка.

— Мне будзе вас не хапаць, — адзначыў Сяргей Васільевіч. — Паміж намі заўсёды было ўзаемаразуменне, з вашага боку я знаходзіў падтрымку, мудрую параду старэйшага таварыша, кампетэнтнага юрыста па любым пытанні.

Словы сардэчнай удзячнасці за настаўніцтва, падтрымку, цудоўныя чалавечыя якасці, высокі прафесіяналізм і плённае супрацоўніцтва выказалі калегі з суседніх раёнаў, суддзя абласнога суда Таццяна Дашкевіч, прафесійнае станаўленне якой адбывалася пад кіраўніцтвам Анатолія Віктаравіча, пракурор раёна Аляксандр Козіч.

Анатолій Карытка шчыра падзякаваў кіраўніцтву абласнога суда і райвыканкама, калегам, калектыву суда Пастаўскага раёна, сям’і за ўзаемаразуменне і дапамогу, пажадаў поспехаў сваёй пераемніцы. Прагучала шмат акрыляючых слоў для Наталлі Жукавай і ад іншых удзельнікаў урачыстасці: прымаць справядлівыя і вывераныя рашэнні, падтрымліваць традыцыі і высока ўзнятую папярэднікам планку.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.