Быць тысячнікам – для іх пастаянства. Гэта пра 9 камбайнераў і 6 механізатараў ААТ «Хацілы-агра», якія на 17 жніўня запісалі на свой рахунак па 1 000 тон збожжа.
У ААТ «Хацілы-агра» жніво стартавала на менш ураджайных участках. І калі ў Камаях і Навасёлках з’явіліся першыя тысячнікі, хацілаўскіх камбайнераў намалоты яшчэ не радавалі. Тысячу тон змог перавезці толькі Андрэй Малец. Але калі пераехалі на палі з азімай пшаніцай, тысячнікі «пасыпаліся», як зерне ў бункер. Першым, як і ў мінулыя гады, тысячнага намалоту дасягнуў Мікалай Чашун. За ім — пастаянны тысячнік Андрэй Волк. Не адстае ад маладзейшых калег і ветэран сельскагаспадарчай вытворчасці Мікалай Пабядзінскі. Ён на пенсіі, але пакуль ёсць сілы, азарт да саперніцтва, не развітваецца з тэхнікай.
Для ўшанавання лідараў дырэктар ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч прапанаваў прыехаць у поле каля Тузбіцы.
— Сабраць усіх разам падчас работы нерэальна, — гаварыў дырэктар. — Хлебаробы даражаць кожнай хвілінай. Доўгі час уборцы перашкаджалі дажджы. Добра, што ўсталявалася сонечнае надвор’е, таму і набліжаемся да фінішу. Сярэдняя ўраджайнасць — 65 цэнтнераў з гектара, намалоты добрыя. У пяць гадзін вечара механізатары спыняцца на падвячорак — самы час для віншаванняў.
А пакуль са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіліем Катовічам назіраем за ўборкай. Сем камбайнаў адзін за адным рухаюцца па полі. Восьмы, Уладзіміра Банькоўскага, стаў на ўскрайку: здарылася невялікая паломка. Неўзабаве галоўны інжынер Валерый Курто прывёз неабходную запчастку. Бацька падкручваў гайкі, дачка падавала ключы. Як і пісала ў мінулым нумары газеты, у сямейнага экіпажа поўнае ўзаемаразуменне і зладжанасць.
З дарогі звярнула на поле машына з падвячоркамі. Ля яе адразу спыніліся механізатары, якія, загрузіўшы прычэпы збожжам, накіроўваліся для выгрузкі на склад. Першым атрымаў узнагароду Мечыслаў Яморскі. Перакусіў і не стаў чакаць іншых лідараў — сеў у кабіну трактара і павёз збажыну на сушылку.
Сталі пад’язджаць камбайнеры. Настрой ва ўсіх цудоўны. Бралі рысавую кашу з катлетай, квас, перакусваючы, жартавалі паміж сабой. Васілій Катовіч уручыў дыпломы і грашовыя прэміі камбайнерам-тысячнікам, а таксама механізатарам Міхаілу Машару і Аляксандру Галубоўскаму. У чарговы раз за старанную працу падзякаваў хлебаробам Вячаслаў Крыштафовіч.
Мінуў літаральна дзень, і я зноў на полі ААТ «Хацілы-агра»: рады камбайнераў тысячнікаў папоўнілі Аляксей Мароз, Уладзімір Банькоўскі, Арцём Чашун, Аляксей Власаў, Аляксандр Буча, а таксама Мікалай Волк і Андрэй Калінскі, занятыя на адвозцы. Яны прымалі віншаванні падчас абеду.
— Думаю, праз пару дзён на фінішы ў нас будзе яшчэ больш тысячнікаў, — падсумаваў Вячаслаў Крыштафовіч.
Для параўнання: у Міёрскім раёне пакуль толькі адзін камбайнер дасягнуў тысячнага намалоту. У Глыбоцкім, згодна з умовамі спаборніцтва, ушаноўваюць тых, хто намалоціць 800 тон.
Рэкордаў дабіваюцца там, дзе ўносяць пад пасевы дастатковую колькасць удабрэнняў, стымуляры росту, не адступаюць ад тэхналогіі пры апрацоўцы глебы і сяўбе, выкарыстоўваюць новыя сарты насення. На хацілаўскіх палях азімая пшаніца сартоў «амелія» і «ядвіся» з высокай клейкавінай дала да 100 цэнтнераў з гектара. Дзякуючы гэтаму ў лік дзяржзаказу гаспадарка паставіла яе амаль 1 000 тон. На сельгаспрадпрыемстве ўжо завяршылі сяўбу азімага рапсу, плошчу пад яго павялічылі да 390 гектараў. З панядзелка пачнуць сяўбу азімых зерневых.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара